Фотафакт: Каб купіць штосьці ў магілёўскай «Табакерцы», прыйдзецца ісці на праезную частку і рызыкаваць сваім здароўем

Курэнне не толькі забівае, але яшчэ можа прывесці і да штрафу за парушэнне ПДР.

12 чэрвень. Магілёў. Саша Мінько. Фота аўтара


Аднатыпныя тытунёвыя шапікі сеткі «Табакерка», падкантрольнай бізнэсмэну Аляксею Алексіну, даўно сталі прычынай скаргаў грамадзян. Але на гэты раз гандляры цыгарэтамі пераўзышлі саміх сябе.

Як відаць на першым фота, каб купіць цыгарэты, трэба выйсці на праезную частку і там стаяць, пакуль касір не разлічыць пакупніка. Гэта прыпынак транспарту на кальцы плошчы Касманаўтаў. Якраз тут размешчана цяпер кадэцкае вучылішча.

Прычына пераносу кіёска з тратуара на бардзюр праезнай часткі заключаецца ў рамонце цеплатрасы. Праўда, суседні кіёск застаўся на ранейшым месцы

Суседні кіёск стаіць тут даўно. Прадпрымальнікі, што трымаюць яго, вырашылі, што хай будзе нязручна прадаўцу, але затое пакупнікі будуць у бяспекі. Хоць, з пункту гледжання аховы працы, гэта таксама не лепшае выйсце.

«Табакерка» вырашыла па-іншаму. Фірма СЗАТ «Энэрга-ОІЛ» плануе да пачатку 2021 года адкрыць 2500 шапікаў па продажы цыгарэт. Гэта інвестыцыйны праект па стварэнні недзяржаўнай сеткі па гандлі тытунёвымі вырабамі. А інвестару мясцовыя ўлады павінны ісці насустрач заўсёды. З 1 жніўня 2018 года СЗАТ «Энэрга-ОІЛ» з’яўляецца адзіным аператарам па продажы тытунёвых вырабаў ААТ «Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Прадаўцы «Табакеркі» ведаюць сабе кошт і не будуць пераскокваць праз горы пяску.

Вось як гэта выглядае з другога боку дарогі:

Неабходна адзначыць, рух на кальцы Касманаўтаў у апошнія гады стаў вельмі інтэнсіўным. Кідаецца ў вочы вялікая колькасць цяжкай грузавой тэхнікі. Каб зрабіць фота, прыйдзецца чакаць, інакш вельмі лёгка патрапіць пад машыну.

І вось ён, гэты момант. Як водзіцца, калі патрэбен экіпаж ДАІ, яго няма. Пытанне, ці не парушае правілы дарожнага руху прадпрыемства-аператар «Табакерак», калі змушае свайго кліента выходзіць на праезную частку?