Супрацоўнік раённага аддзела ўнутраных спраў прычапіўся да «незарэгістраванага бел-чырвона-белага сцяга» і парушэння працэсу збору подпісаў.

2 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Акруговая выбарчая камісія (АВК) Магілёўскай-Цэнтральнай акругі №85 вынесла другое папярэджанне прэтэндэнту на дэпутацтва Васілю Курушыну пасля рапарту супрацоўніка Магілёўскага РАУС.

Міліцыянт заявіў, што падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Курушын здзейсніў адразу некалькі правапарушэнняў. У прыватнасці, выкарыстаў «незарэгістраваны бел-чырвона-белы сцяг», заклікаў запісвацца ў ініцыятыўную групу магчымага кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, а таксама вывесіў плакат з патрабаваннем «Лукашэнка павінен сысці».

Магілёўскі РАУС накіраваў рапарт ў абласную выбарчую камісію. Аблвыбаркам загадаў разабрацца ў сітуацыі АВК.

На паседжанні 1 кастрычніка камісія прыняла рашэнне аб тым, што Курушын парушыў Выбарчы кодэкс і вынесла папярэджанне Васілю.

Для вылучэнца гэта ўжо другое папярэджанне – першае ён атрымаў каля тыдня таму прыкладна па тых жа прычынах.

Цяпер АВК мае права не рэгістраваць Курушына ў якасці кандыдата ў дэпутаты, нават калі ён збярэ патрэбную колькасць подпісаў за сваё вылучэнне.