Майская гісторыя актывіста Станіслава Паўлінковіча атрымлівае развязку ў самую гарачую пару ў гісторыі краіны.

16 кастрычніка. Магілёў. Леанід Закаў


У судзе Магілёўскага раёна 15 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Станіслава Паўлінковіча па артыкуле 391 КК РБ (абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з выкананнем правасуддзя. Караецца штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў).

Вядзе працэс суддзя суда Магілёўскага раёна Максім Курпачанка. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старэйшы памочнік пракурора Магілёўскага раёна Дзмітрый Пімашкоў. Інтарэсы Станіслава Паўлінковіча на першым працэсе ўяўляла адвакат Тамара Маісеенка.

У якасці пацярпелай па справе праходзіць суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава. Яна на працэсе не прысутнічала. Але пра ўсё па парадку.

ХТО ТАКІ СТАНІСЛАЎ ПАЎЛІНКОВІЧ?

Гэта адзін з самых прынцыповых і паслядоўных актывістаў Магілёва. Пачынаючы з 2015 года, ён удзельнічаў у шматлікіх акцыях, выказваючы нязгоду з палітыкай уладаў у Беларусі. За сваю дзейнасць неаднаразова пераследваўся міліцыяй і судамі. У 2017 годзе супрацоўнікі міліцыі спрабавалі завесці на Станіслава Паўлінковіча крымінальную справу за распаўсюд парнаграфіі – яму паспрабавалі ўмяніць размяшчэнне ў 2011 годзе відэароліка з нейкага клуба на сваёй старонцы «Вконтакте». Зрэшты, далей праверкі справа не зайшла і “крыміналку” так і не распачалі.

З ЧАГО УСЁ ПАЧАЛОСЯ ЦЯПЕР?

У канцы красавіка-пачатку траўня 2020 года гурт актыўных магілёўцаў вырашыў узяць прыклад з Брэста і Светлагорска і штотыдзень збірацца ў цэнтры Магілёва для «кармлення галубоў». На адным з такіх сходаў 2 траўня прысутнічаў і Паўлінковіч.

8 траўня яго прама на працоўным месцы затрымалі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго склалі на яго адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па гэтай справе Стас атрымаў 15 сутак арышту.

Стас Паўлінковіч пасля адбыцця 15 сутак арышту ў траўні 2020 года

За пару дзён да вызвалення, 21 траўня, Паўлінковіча зноў вывезлі на суд. Па версіі супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, яшчэ падчас затрымання 8 мая актывіст не падпарадкаваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама абразіў іх. Па гэтых фактах на актывіста склалі яшчэ два пратаколы – па ст.23.4 і арт. 23.5 КаАП. Суд выйшаў таемным – ніхто з журналістаў, праваабаронцаў і нават сваякоў Стаса нават не ведаў, што яго вывезлі з ІЧУ дзеля яшчэ аднаго судовага працэсу.

Па адным з пратаколаў Паўлінковічу далі 1215 рублёў штрафу, па другім – яшчэ 15 сутак арышту. Менавіта ў гэты момант Стас ня стрымаўся.

ШТО СЦВЯРДЖАЕ СЛЕДСТВА?

Старэйшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта РБ Шарапкін лічыць, што абраза ў адрас суддзі суда Ленінскага раёна Аксаны Ратнікавай «здзейснена ў сувязі з ажыццяўленнем апошняй правасуддзя». Інакш кажучы, Паўлінковіч лаянкай адрэагаваў на рашэнне пра штраф і суткі.

Як вынікае з матэрыялаў справы, 21 траўня ў судзе Ленінскага раёна прагучалі словы «мразь», «животное», «тварь», «гнида» і некаторыя іншыя.

Усе гэтыя словы былі падвергнуты лінгвістычнай экспертызе. Эксперт Ірына Елынцава прыйшла да высновы, што пералічаныя выказванні былі «выкарыстаныя для прыніжэння гонару і годнасці» суддзі Ратнікава.

ШТО АДБЫВАЕЦЦА ЗАРАЗ?

Падтрымаць Стаса на першае паседжанне ў суд Магілёўскага раёна прыйшло некалькі чалавек – у асноўным сябры, журналісты і блізкія сваякі. Прызнаная пацярпелай суддзя Аксана Ратнікава на пасяджэнне не з’явілася, даслаўшы пісьмовае хадайніцтва аб разглядзе крымінальнай справы без яе ўдзелу.

Акрамя таго, на працэсе не было сведак – супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Васіля Карнеенкі і Паўла Башарымава, а таксама яшчэ двух канваіраў, якія чакалі Паўлінковіча пасля суда 21 траўня.

У працэсе Станіслаў хадайнічаў аб дазволе на вядзенне фота і відэаздымкі пасяджэння, аднак суддзя, выслухаўшы меркаванне дзяржабвінаваўцы Пімашкова, просьбу не задаволіў.

Паўлінковіч прызнаў сваю віну, паведаміўшы, што адрэагаваў надта рэзка на пастанову Ратнікавай пра 15 сутак і вялікі штраф. Акрамя таго, ён некалькі разоў падкрэсліў, што не меў мэты яе абразіць і выказаўся больш у бок улады ў цэлым.

– У цэлым мае гэтыя эмацыйныя выказванні былі больш адрасаваныя гэтай уладзе, якая несправядліва паступае з людзьмі, якія выходзяць на вуліцы, а іх за гэта караюць суткамі і штрафамі, якія несувымерныя з заробкамі, асабліва падчас пандэміі, – заявіў Паўлінковіч.

Суддзя Курпачанка удакладніў, каго менавіта актывіст лічыць уладай.

– Усе мы ведаем, хто тут усім кіруе. Лукашэнка. Які стварыў сістэму беззаконня, якая супярэчыць Канстытуцыі, – адказаў Паўлінковіч.

Ён таксама паскардзіўся на тое, што крымінальная справа ў дачыненні да яго – гэта занадта сур’ёзная мера. Як сцвярджае Паўлінковіч, 21 траўня ў яго проста не вытрымалі нервы, паколькі яму далі новыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў сітуацыі, калі ён яшчэ не адбыў старыя.

Усе паседжаньне па крымінальнай справе Станіслава Паўлінковіча доўжылася каля паўгадзіны. У асноўным яму задавалі пытанні па дэталях таго, што адбылося на тым судзе.

Калі бакі выслухалі Стаса, суддзя Курпачанко абвясціў перапынак у працэсе да 10 раніцы 23 кастрычніка. На наступнае пасяджэнне ў суд павінны з’явіцца сведкі па справе, каб даць свае тлумачэнні.