Магілёўскага актывіста Аляксандра Хамратава зрабілі фігурантам крымінальнай справы

У дадзены момант ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў якасці падазраванага.

17 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


Увечары 16 лістапада ў кватэру актывіста і праваабаронцы Аляксандра Хамратава з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. У гэты момант сам Хамратаў і яго састарэлая мама знаходзіліся дома.

Актывіст паспеў паведаміць аб прыходзе сілавікоў кіраўніку партыі БСДП (Грамада) Ігару Барысаву (Хамратаў з’яўляецца сябрам гэтай партыі).

Пасля гэтага сувязь з актывістам абарвалася, хоць яго акаўнты ў сацыяльны сетках былі актыўныя.

Каб даведацца сітуацыю, дадому да Хамратова наведаліся валанцёры праваабарончай каманды MAYDAY, якія высветлілі, што Аляксандр быў затрыманы, а яго кампутар і смартфон – вынятыя. Яны адзначылі, што супрацоўнікі ГУБАЗіК літаральна «разграмілі» пакой актывіста, у тым ліку зламалі канапу падчас ператрусу.

На наступны дзень, 17 лістапада, адвакату ўдалося высветліць, што Аляксандр Хамратаў праходзіць як падазраваны па справе аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).

Падрабязнасцяў няшмат – вядома толькі, што Хамратаў быў адміністратарам пабліка ў «Укантакце», у якім нехта размясціў каментар абразлівага характару ў адрас супрацоўніка (або супрацоўнікаў міліцыі).

На дадзены момант да прад’яўлення абвінавачвання актывіст знаходзіцца пад вартай. Тэарэтычна, Хамратаву пагражаюць грамадскія працы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, а таксама арышт ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Яго мама, якой 81 год, знаходзіцца дома адна.