Магілёўскі мясакамбінат адпраўляе працаўнікоў адпачываць у анэксаваны Крым

Прафсаюз працаўнікоў прадпрыемства прапануе тэрміновыя пуцёўкі ў санаторый «Белоруссия» у Місхоры.

21 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Адзін з працоўных мясакамбіната паведаміў, што на прадпрыемстве тэрмінова набіраюць працаўнікоў для адпачынку і лячэння ў анэксаваным Расійскай Федэрацыяй Крыму. Перавага аддаецца пакутным ад хвароб органаў дыхання.

Паводле аб’явы, якая вісіць у будынку сталовай, санаторныя пуцёўкі ў санаторый «Белоруссия» у Місхоры (10 км. ад Ялты) разлічаны на 18 дзён. Месяц заезду – красавік 2019 года.

Аб’яву пра падачу санаторных пуцёвак распаўсюдзілі адміністрацыя мясакамбіната і прафсаюзны камітэт. Усе ахвочыя могуць звяртацца ў сыравінны аддзел да Таццяны Старанацкай.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце санаторыя, ён падначалены Упраўленню справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Украіна, як і Беларусь, не прызнала рэферэндум аб далучэні Крыма да Расіі і яго вынікі. У чэрвені 2015 года Украіна зацвердзіла парадак заезду на паўвостраў – толькі праз яе тэрыторыю і па адмысловым дазволе. Калі чалавек едзе ў Крым праз Расію, то яго могуць зрабіць неўязным ва Украіну.