Аўтар называе яе «данінай велічы расійскага салдата, які аднавіў гістарычную справядлівасьць».

3 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько


Валанцёр магілёўскай «Вясны» выявіў кнігу ў магілёўскай краме «Мысль» на праспекце Міра. Гэта гандлёвая кропка №7 ААТ «Магілёўсаюздрук», якое пазіцыянуе сябе як прадпрыемства, якое займае вядучае месца ў Магілёўскай вобласці па рэалізацыі кніжнай прадукцыі.

Кніга «Спецаперацыя Крым» коштам 26 рублёў 93 капейкі нават не змяшчаецца на паліцах крамы. Яна нестандартнага памеру – 300х225 мм – і важыць амаль два кілаграмы.

Афіцыйна твор савецкага ваеннага журналіста і палкоўніка ў адстаўцы Віктара Баранца выйшаў у выдавецтве «Камсамольская правда» у 2019 годзе (аўтар працуе ваенным аглядальнікам «КП»).

Але на самой справе яно было падрыхтавана да друку яшчэ ў 2014 годзе і павінна было выйсці ў выдавецтве ваеннага ведамства «Чырвоная зорка». Аднак выпуск быў прыпынены.

Прычына ў інфармацыі, якую вырашана было дазаваць. Сам аўтар так апісвае ў адным з інтэрв’ю ідэю напісання твора:

«У сакавіку 2014 года міністр абароны РФ Сяргей Шайгу у сваёй службовай бібліятэцы сустракаўся з групай ваенных аглядальнікаў. Распавядаў пра «ветлівых людзей». І нечакана прапанаваў: «Добра было б напісаць кнігу пра тое, як усё было, каб нашчадкі памяталі». І паглядзеў чамусьці на мяне. Я адказаў: «Гатовы».

Цэнзура прымусіла назваць твор «дакументальна-мастацкім даследаваннем».

Унесеныя праўкі закранулі ролі падраздзяленняў расійскай арміі і асабіста прэзідэнта Пуціна ў анэксіі Крыма. На пытанне журналістаў, навошта выпінаць ролю расійскай арміі і даваць супернікам падставы абвінаваціць Расею ў акупацыі Крыма, Віктар Баранец адказаў наступнае:

«Было б вялікай хітрасцю з майго боку наўмысна «зарэтушаваць» ці ж прынізіць гэтую ролю па нейкіх кан’юнктурных палітычных меркаваннях. Не думаю, што мы павінны саромецца відавочнага факту: нашыя «ветлівыя людзі» згулялі гістарычную ролю ў вяртанні Крыма… Гэтая мая кніга – свайго рода даніну падзякі велічы расійскага салдата і грамадзяніна Крыма, якія аднавілі гістарычную справядлівасьць».

Іншымі словамі, аўтары ідэі напісання кнігі прызнаюць, што менавіта расійскае войска прымала ўдзел у падзеях у Крыме. Гэта можна зразумець і з анатацыі да кнігі.

Цікава, што ААТ «Магілёўсаюздрук», якое распаўсюджвае «Спецаперацыю Крым», сярод мэтаў на сваім афіцыйным сайце пазначыла «вялікую ўвагу палітычнаму выхаванню насельніцтва, як магутнаму інструменту ідэалагічнай працы».

Нагадаем, Беларусь не прызнала пераходу Крыма пад расейскую юрысдыкцыю. На мапах, якія вырабляюцца ў нашай краіне, Крым па-ранейшаму пазначаны як тэрыторыя Украіны. Большасць краін-сябраў ААН не прызнае далучэння Крыма да Расіі, што знайшло адлюстраванне ў рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН (A/RES/68/262) аб непрызнанні крымскага рэферэндуму і змянення статусу Крыма.