УВКПЧ ААН дапусціла, што беларускімі ўладамі “было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці”. Што гэта можа азначаць для нас? Спыталі пра гэта ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
20 сакавіка. Саша Райкан. Галоўнае фота – The UN Human Rights Council meeting in Geneva for its 55th session. X (Twitter)/@NoticiasONU.
Фраза на адрас беларускіх уладаў, што «некаторыя з [іх] парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці» з боку прадстаўнікоў ААН упершыню зафіксаваная амаль год таму – 17 сакавіка 2023 года. Асцярожную фармулёўку ў свой даклад дадаў Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека ў рамках 52-й сесіі Савета па правах чалавека ААН (СПЧ ААН).
15 сакавіка 2024 года, у дакладзе ўжо ў рамках 55-й чарговай сесіі СПЧ ААН фраза стала больш разгорнутай:
«Прымаючы да ўвагі спектр парушэнняў правоў чалавека, апісаных у гэтым дакладзе,…, УВКПЧ мае разумныя падставы меркаваць, што было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, якія могуць быць усталяваныя як следства апісаных парушэнняў правоў чалавека», – пазначана ў пункце 52 на 17-ай старонцы даклада.
Сам даклад быў агучаны 19 сакавіка.
ШТО ГЭТА МОЖА ДАЦЬ БЕЛАРУСАМ?
Мы папрасілі растлумачыць сітуацыю праваабаронцу Леаніда Судаленка, які доўгія гады абараняў правы беларусаў на міжнародным узроўні:
– Даклад Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб жахлівай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з прыкметамі злачынстваў супраць чалавецтва абмяркоўваўся 19 сакавіка на 55-й сесіі Рады ААН па правах чалавека. Трэба дачакацца іх выніковага дакумента, каб паглядзець на перспектывы змянення сітуацыі, – лічыць Судаленка.
На думку праваабаронцы, папярэдне можна казаць, што абавязковай для выканання Беларуссю стала б рэзалюцыя Рады Бяспекі ААН, аднак і на гэта няма ніякіх надзей, паколькі яго пастаяннымі чальцамі з’яўляюцца такія экзатычныя з пункту гледжання правоў чалавека краіны, як Расія і Кітай, на чале якіх стаяць дыктатары і яны дакладна прагаласуюць супраць міжнароднага ўмяшання ва ўнутраныя беларускія справы.
– Казаць пра тое, што ў сённяшняй сусветнай палітычнай сітуацыі нехта ўмяшаецца ва ўнутраныя справы Беларусі ў абыход Рады Бяспекі ААН, як гэта было ў былой Югаславіі, таксама не даводзіцца. Гэта відавочна, – падкрэсліў Леанід Судаленка.
У той жа час праваабаронца зазначыў, што Даклады Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека не з’яўляюцца марнымі, яны фіксуюць і дакументуюць на міжнародным узроўні парушэнні правоў чалавека і на перспектыву маюць вялікае значэнне, каб напрыклад, цывілізаваныя краіны свету ведалі, што насамрэч адбываецца ў Беларусі.
– У астатнім жа застаецца спадзявацца толькі на ўніверсальную юрысдыкцыю – судовыя разгляды супраць Беларусі ў розных краінах, хоць, як паказвае практыка, асаблівых зрухаў пасля падзеяў 2020 года, не назіраецца і на гэтым кірунку, – падсумаваў Судаленка. – Нам жа, беларускім праваабаронцам, не застаецца іншых варыянтаў, акрамя як дакументаваць штодзённыя рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, фіксаваць кожны выпадак катаванняў, бесчалавечнага абыходжання, адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і іншых форм парушэнняў правоў чалавека.