Валанцёры запусцілі збор грошаў, дапамагчы можа кожны.

15 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскія валанцёры кампаніі BY COVID19 спрабуюць дапамагчы мясцовым установам аховы здароўя. Штодня ў чаце, куды можа ўступіць любы магілёвец, абмяркоўваюцца і вырашаюцца пытанні з недахопам жыццёва неабходных рэчаў для медыкаў, якія змагаюцца з каранавірусам.

Хтосьці шукае неабходныя прадметы на барахолках і ў крамах, нехта дапамагае набыць іх, нехта вырабляе іх уласнаручна, нехта дапамагае з дастаўкай.

У горадзе назіраецца востры недахоп сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў – масак, рэспіратараў, касцюмаў і іншага.

Каб дапамагчы лекарам і медсестрам, валанцёры BY COVID19 з Магілёва запусцілі кампанію па зборы грошай на платформе MolaMola.

«Цяпер самая важная задача для Магілёва – забяспечыць медперсанал асноўнымі сродкамі індывідуальнай абароны (СІА): маскі або рэспіратары, ахоўныя камбінезоны, высокія бахілы, ахоўныя экраны. Мы арганізавалі ініцыятыўную групу швачак, якія гатовыя ўзяцца за пашыў СІА. Неабходна закупіць матэрыялы (спанбонд рознай шчыльнасці для масак і камбінезонаў, шчыльную бавоўну для шматразовых бахілаў). Медыкі актыўна кансультуюць нас па матэрыялах, памерах, канструкцыях патрэбных СІА. Маскі, камбінезоны, бахілы, шчыткі будуць перададзеныя ў Магілёўскую лякарню №1, Магілёўскую абласную бальніцу, скурна-венерычны дыспансэр, паліклінікі горада і станцыі хуткай медыцынскай дапамогі», – заявілі валанцёры ў апісанні кампаніі.

На момант публікацыі было сабрана 2215 рублёў з патрэбных 10 тысяч. Валанцёры заклікаюць ахвяраваць грошы – так мы хутчэй справімся з каранавіруснай пагрозай.

ДАПАМАГЧЫ МОЖНА ТУТ

Таксама далучайцеся ў чат BY COVID19 Магілёў і даведайцеся, што вы можаце зрабіць для паляпшэння сітуацыі.