31 жніўня два грузавікі рухаліся па дарозе Р112 Віцебск-мяжа РФ (Стайкі), якая вядзе ў Вяліж, і везлі 490 тысяч пачкаў цыгарэт без акцызных марак на суму 600 тысяч долараў ЗША.

Па дакументах, фуры везлі з Мінска ў Санкт-Пецярбург чахлы для аўтамабіляў, офісныя прыналежнасці і аксэсуары для туалета і ваннаў беларускай вытворчасці. Насамрэч, у машынах знаходзіліся дзясяткі паддонаў з упакаванымі ў завадскія скрыні цыгарэтамі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Яе адзіным аператарам па продажы з 2018 года з’яўляецца фірма “Энерга-Ойл” бізнэсмэна Аляксея Алексіна, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.

Расследавальнікі лічаць Аляксея Алексіна арганізатарам схемы кантрабанды цыгарэт у ЕС праз Латвію ў 2011-2020 гадах. Пасля закрыцця межаў з ЕС кантрабандныя цыгарэты хлынулі і ў Расію.

Расейскім памежнікам пад Вяліжам падалося дзіўным, што машыны замест аўтамагістралі выбралі самы нязручны маршрут з усіх магчымых – на расійскім баку дарога знаходзіцца ў такім стане, што яе аб’язджаюць, а па маршруце шмат закінутых вёсак. Да таго ж крук да С.-Пецярбурга (уздоўж ракі Заходняя Дзвіна) склаў бы больш за 100 км.

У Смаленскай вобласці ёсць каля 16 дарог, якія перасякаюць беларуска-расійскую мяжу, але толькі 6 з іх маюць КПП. Нагадаем, пакуль самы буйны ўлоў расійскія мытнікі затрымалі 15 сакавіка: 1,8 млн пачкаў цыгарэт на 2,7 млн долараў ЗША. Тады дзве фуры везлі груз без суправаджальных дакументаў. Пасля інцыдэнту кантрабандысты сталі афармляць падробленыя накладныя.