Улады прызналі, што каранавірус дабраўся да Магілёўскай вобласці. Захварэўшая – урач-педыятр, яна прымала дзяцей

Дзяржорганы абмежаваліся мінімумам інфармацыі.

1 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскія ўлады прызналі, што ў рэгіёне з’явілася першая захварэўшая на каранавірус.

Ахвяра – 33-гадовая жыхарка Крычава. Па словах Ірыны Бас, галоўнага пазаштатнага інфекцыяніста галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама, пацярпелая заразілася каранавірусам ў Віцебску.

– Пацыентка была ў працяглай камандзіроўцы ў Віцебску. Яна цалкам абследаваная, праведзены ўвесь спектр неабходных супрацьэпідэміялагічнага мерапрыемстваў. Мы яе перавялі ў Магілёўскую інфекцыйную бальніцу. На сённяшні дзень яе стан стабільны. Яна атрымлівае неабходнае лячэнне. Таксама мы абследавалі ўсю кантактных асоб, якія падлягалі такому абследаванню. У іх адмоўныя вынікі. Зараз у Крычаве праводзяцца неабходныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, – цытуе чыноўніцу mogilevnews.by.

ШТО ЎЛАДЫ НЕ СКАЗАЛІ

Дзяржаўныя органы абмежаваліся толькі агульнай інфармацыяй. Разам з тым, раней «Радыё Свабода» высветліла, што захварэлая працуе лекарам-педыятрам у падлеткавым кабінеце Крычаўскай дзіцячай паліклінікі. У Віцебску доктарка праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі.

Па вяртанні яна яшчэ два дні прымала пацыентаў, пасля чаго ёй ноччу з аўторка 31 сакавіка на сераду 1 красавіка стала дрэнна. «Хуткая дапамога» забрала яе і яшчэ аднаго чалавека ў Магілёўскую інфекцыйную бальніцу.

MSPRING.ONLINE стала вядома прозвішча заражанай каранавірусам. Па дадзеных нашай крыніцы, яшчэ ў панядзелак, 30 сакавіка, яна сапраўды прымала падлеткаў.