Рэпрэсіі ў Круглым практычна супадаюць па часе з рэзанансным прызначэннем 27 сакавіка на пасаду старшыні райвыканкама экс-начальніка шклоўскай папраўчай калоніі №17 Сяргея Ермаліцкага.

Гэта той самы палкоўнік Ермаліцкі, які ў кастрычніку 2011 года трапіў пад санкцыі Еўрасаюза “за бесчалавечнае абыходжанне з асуджаным экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам“. Пазней візавыя санкцыі ЕЗ за ціск на палітвязняў былі пашыраныя яшчэ на двух падначаленых Ермаліцкага – Ігара Алейнікава і Вадзіма Шаменава.

У Шклоўскай калоніі падчас кіраўніцтва Сяргея Ермаліцкага адбывалі пакаранне палітвязні Мікола Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Класкоўскі, Алег Гнедчык, Мікалай Дзядок, Уладзімір Лобан, Арцём Пракапенка, Зміцер Новік. Як адзначаюць былыя вязні, менавіта Ерамаліцкі на прыкладзе «ўзорнапаказальнай» ПК-17 абкочваў першыя механізмы ціску на палітвязняў, якія потым пераймалі ў іншых ПК. Ён пазбаўляў вязняў лістоў, цалкам пазбаўляў іх сувязі з навакольным светам.

Ермолицкий во время службы начальником ИК-17

У Круглянскім райвыканкаме, зрэшты, узгадалі пра іншыя вехі ў біяграфіі былога начальніка калоніі. Пасля школы ён стандартна скончыў сяльгасакадэмію і працоўную дзейнасць пачаў аграномам калгаса імя Фрунзэ Шклоўскага раёна (цяпер “Амкадор-Шклоў”), землі якога размяшчаліся побач з вядомым саўгасам “Гарадзец”. У ПК-17 ён пайшоў працаваць у 23-гадовым узросце – спачатку начальнікам атрада і паступіў у Акадэмію МУС. Начальнікам калоніі ён стаў у 2010 годзе.

2015 годзе ў перадпенсійным узросце (45 гадоў) ён за «добрую працу» пайшоў на павышэнне ў Гомельскую вобласць, дзе стаў начальнікам абласнога УДВП. Там ён працаваў яшчэ пяць гадоў, а пасля пачатку палітычнага крызісу 2020 года, у верасні месяцы, быў прызначаны кіраўніком Гомельскага райвыканкама. На гэтай пасадзе ён вызначыўся працамі па абароне інфармацыі – быў закуплены комплекс генератара лінейнага шуму для абароны аб’ектаў, якія апрацоўваюць інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання. Але ў Гомелі ён не прыжыўся і сам папрасіўся ў Круглае – на “малую радзіму” недалёка ад Шклова.