Магілёўскія камуністы наплявалі на меры бяспекі дзеля Леніна ФОТА

Больш за тузін чалавек ушанавалі памяць «правадыра пралетарыяту» у цэнтры горада. Амаль усе – без масак.

22 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі / photo – Mogilev-region.gov.by


Раніцай 22 красавіка сябры Камуністычнай партыі Беларусі, партыі «Справядлівы свет», прадстаўнікі грамадскіх арганізацый правялі ўрачысты мітынг перад помнікам Леніна ў гонар 150-годдзя Ільіча.

Усяго сабралася 15 чалавек. У сітуацыі, калі штодня павялічваецца колькасць заражаных COVID-19 у Магілёве і ў Беларусі, лекары працуюць на знос, а валанцёры робяць усё магчымае, каб дапамагчы медыкам, удзельнікі камуністычнага мітынгу сродкамі абароны не заклапаціліся.

З паўтара дзясятка чалавек медыцынскія маскі надзелі толькі трое. Сацыяльная дыстанцыя, якую рэкамендуе вытрымліваць Міністэрства аховы здароўя РБ, таксама не надта выконвалася. Пры гэтым большасць удзельнікаў – гэта людзі сталага веку, якія адносяцца да групы рызыкі.

Варта таксама адзначыць, што помнік Леніну падвергнуўся рамонту коштам прыкладна ў 60-70 тысяч даляраў адмыслова да 150-гадовага юбілею нараджэння Ільіча. Аднак бачных змен у абліччы ён не зведаў.