Гарвыканкам адказаў, чаму мясцовым членам КПБ можна праводзіць масавае мерапрыемства ў цэнтры горада, а іншым – не.
10 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Усё вырашаюць фармулёўкі – калі верыць магілёўскім уладам, ёсць просты спосаб шырока карыстацца свабодай мірных сходаў.
Каля дзесяці камуністаў 22 красавіка адзначылі дзень нараджэння Леніна ускладаннем кветак да яго помніка перад будынкам аблвыканкама. Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Буракоў накіраваў у гарвыканкам зварот, у якім папрасіў расказаць, ці мелі камуністы дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ў гэтым месцы.
Магілёўскія камуністы адсвяткавалі
дзень нараджэння Леніна
мітынгам у цэнтры горада.
Хіба так можна?
– Згодна з дзейным рашэнню Моггорисполкома «Аб масавых мерапрыемствах», у Магілёве вызначана толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў – стадыён каля дома №64а па вуліцы Чалюскінцаў. Згодна з Законам «Аб масавых мерапрыемствах», любая сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы, у тым ліку пад адкрытым небам, у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння прыраўноўваецца да пікетаваньня, – распавядаў Буракоў.
Сапраўды, пікеты, шэсці, мітынгі і дэманстрацыі, калі іх праводзяць не ўлады, могуць праходзіць толькі на вуліцы Чалюскінцаў. Аднак ёсць “але”:
«Згодна з пунктам 2 рашэння Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта …, устаноўлена, што месца правядзенне iншых масавых мерапрыемстваў вызначаюцца ў кожным канкрэтным выпадку», – паказала ў сваім адказе праваабаронцу намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка.
Улады ўзгаднілі акцыю камуністаў менавіта як «ўскладанне кветак», а не як пікет. І ў гэтым, лічыць Буракоў, ёсць выйсце для іншых палітычных партый і грамадскіх арганізацый:
– Вядома, гэта хітрасць. У 2011 годзе, калі людзі пляскалі ў ладкі, усе прыраўноўвалі да пікетаў. У тым жа годзе палітык Зміцер Салаўёў атрымаў папярэджанне ад КДБ за ўскладанне кветак да памятных знакаў у Магілёве. З іншага боку, зараз ёсць дакумент, па аналогіі з якім апазіцыя можа праводзіць «іншыя масавыя мерапрыемствы» у цэнтры горада.