Новы рамонт у магілёўскіх судах зробіць горш для сваякоў зняволеных

Цяпер яны часткова не змогуць пабачыць сваіх родных.

2 верасня. Магілёў. Саша Мінько


Будынкі судоў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада Магілёва ўжо чацвёрты месяц знаходзяцца ў стане рамонту. Акрамя новага даху, яны атрымаюць і новыя агароджы – сваякі ўжо не ўбачаць этапаваных падсудных да іх з’яўлення ў судовай залі.

Грамадзяне, воляю лёсу вымушаныя наведваць суды, якія размешчаныя побач па вуліцы Дабралюбава, ужо чацвёрты месяц бачаць вось такую ​​карціну. На перыяд капітальнага рамонту даху судовыя начальнікі не палічылі патрэбным перанесці суды ў іншае памяшканне, хоць на пляцоўцы працаваў нават кран. Цікава, ці законныя такія працы?

На рамонт даху толькі аднаго Ленінскага суда было выдзелена 110 тысяч даляраў. Чакалася, што будаўнікі справяцца за два месяцы. Заканчэнне работ было запланавана на 26 ліпеня, але не атрымалася Будоўля кіпіць чацвёрты месяц і відавочна, што ў бліжэйшы тыдзень яна не скончацца. Аднак самым цікавым радком на пашпарце аб’екта аказалася яго назва – капітальны рамонт даху будынка суда з добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Пра «добраўпарадкаванне» далей і пойдзе гаворка.

Калі абыйсці будынак з адваротнага боку, можна ўбачыць шмат цікавага. Вось так выглядае будынак суда Кастрычніцкага раёна. У адрозненне ад суседняга Ленінскага суда, ён цалкам атынкаваны і цяпер тут укладваюць тратуарную плітку. І ў гэты ж час, па-ранейшаму, тут паралельна ідуць суды. Цікава, ці не парушаюцца нормы заканадаўства, калі прывезеныя ў аўтазаках падсудныя ў кайданках пераскокваюць праз будаўнічы смецце?

А цяпер самае галоўнае. На наступным фота бачны ўжо практычна гатовы, з добра выкладзенай пліткай, уваход для этапаваных у суд Ленінскага раёна. Раней тут тоўпіліся сваякі падсудных, каб зірнуць на іх падчас выгружэння з машыны. Аўтазак заставаўся на дарозе і з роднымі была магчымасць нават перакінуцца парай словаў, пакуль іх канваіры вялі да дзвярэй.

Галоўнае новаўвядзенне рэканструкцыі і добраўпарадкавання заключаецца ў тым, што суцэльны плот з металапрофіляў пасля рамонту прыбраны не будзе. Аўтазак цяпер будзе заязджаць ўнутр тэрыторыі, прылеглай да суду, і ўсё, што адбываецца там, будзе недаступна для чужых вачэй. Вароты зачыняюцца на ключ. Амаль, як на тэрыторыі СІЗА.

Вось тое дрэва, каля якога некалькі дзесяцігоддзяў запар збіраліся сваякі падсудных. Збоку яны назіралі за працай канваіраў і выкрыквалі словы падтрымкі сваім родным. Частка будаўнічых агароджаў ужо прыбраная. Засталася толькі суцэльная металічная сцяна. Дастаўка ў суд стане больш закрытай.