Аляксею Мельнікаву пагражае больш за 10 гадоў пазбаўлення волі, яму інкрымінуецца злачынства адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ. Па інфармацыі пракуратуры, хлопец планаваў са зброяй удзельнічаць у масавых беспарадках пасля прэзідэнцкіх выбараў.
У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва праходзіць закрыты працэс па справе Мельнікава Аляксея Юр’евіча. 18 студзеня адбылося паседжанне, якое журналісты і праваабаронцы лічылі першым, але, як растлумачылі ў судзе, суд над мужчынам ідзе ўжо пэўны час.
Як так атрымалася? Валанцёры праваабарончай каманды MAYDAY спецыяльна адсочвалі Аляксея Мельнікава ў спісах судоў, аднак дагэтуль яго не заўважалі. Верагодна, альбо яны не дагледзелі, альбо ж публікаваць інфармацыю аб паседжаннях над падсудным М. ў судзе не спяшаліся.
Пры гэтым судовы працэс апынуўся закрытым. Журналістам атрымалася ўбачыць, як у залу заводзяць самога Аляксея ў суправаджэнні трох міліцыянераў, а таксама як у залу ўвайшлі суддзя, судовы сакратар і пракурор. Пазней у залу пасяджэнняў, размешчаны ў падвале будынка Кастрычніцкага суда, паклікалі дзяўчыну-сведку.
Ні адваката, ні сваякоў, ні сяброў Мельнікава мы не заўважылі.
ПА АДНЫМ З АРТЫКУЛАЎ ПАГРАЖАЕ ДА 10 ГАДОЎ КАЛОНІІ
Вядома, што Мельнікаву інкрымінуюць адразу чатыры артыкула КК РБ:
Артыкул 13 – “Падрыхтоўка да злачынства”
ч.2 арт.293 – “Масавыя беспарадкі” (максімальная санкцыя – да 8 гадоў пазбаўлення волі).
ч.3 арт.295 – “Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў” (максімальная санкцыя – да 10 гадоў пазбаўлення волі).
ч.1 ст.295-3 – “Незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў” (максімальная санкцыя – да 2 гадоў пазбаўлення волі).
Невядома, ці прызнаў Мельнікаў сваю віну. Прычына, чаму судовы працэс над ім зрабілі закрытым, таксама няясная.
Цікаўнасць выклікае частка 3 артыкула 295 КК РБ, інкрымінаваная Аляксею. Паводле тэксту закона, яго абвінавачваюць у тым, што ён займаўся незаконнымі дзеянні, звязанымі са зброяй, “паўторна або групай асоб па папярэдняй змове“.
Варта разумець, што 10 гадоў у такіх судовых справах – не мяжа. Шляхам частковага складання патэнцыйны тэрмін зняволення Аляксею Мельнікаву можа скласці звыш дзесяці гадоў.
ГЕНЕРАЛЬНАЯ ПРАКУРАТУРА ЗАЯВІЛА ПРА АГНЯСТРЭЛЬНУЮ ЗБРОЮ І САМАРОБНАЕ ЗАПАЛЬНАЕ АБСТАЛЯВАННЕ
Уся інфармацыя, якую можна здабыць па справе Аляксея Мельнікава, змяшчаецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры ім ад 2 снежня 2020 года. У ім падсудны фігуруе пад імем М.
У тэксце сцвярджаецца, што “раней судзімы М., натхніўшыся размешчанымі ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на Telegram- і Youtube-каналах, заклікамі да масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся б гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады на тэрыторыі Беларусі, прыняў рашэнне далучыцца да такой супрацьпраўнай дзейнасці “.
Па заяве Генпракуратуры Мельнікаў вырабіў не менш за пяць самаробных запальных прылад, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, прышукаў складны нож, канструктыўна падобны з халоднай зброяй, а таксама “іншыя сродкі і прылады злачынства“.
Затрымалі Мельнікава у дзень выбараў 9 жніўня. Наглядны орган адзначыў, што Мельнікаў спрабаваў перавезці з Магілёва ў Мінск “петарды, тры самаробныя запальныя прылады, якія змяшчаюць дыматворныя піратэхнічныя склады і нож“.
Дома ў Мельнікава выявілі двуствольную зброю, прыдатную для стральбы. Крымінальнай справай займалася Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
ШТО БУДЗЕ ДАЛЕЙ?
Відавочна, галоўным з’яўляецца пытанне, што менавіта адбываецца на працэсе і ці ёсць у Мельнікава які-небудзь абаронца. У судзе Кастрычніцкага раёна паведамілі, што абарону мужчыны ў судзе ажыццяўляе нейкі мінскі адвакат, аднак праверыць дадзеную інфармацыю не ўяўляецца магчымым.
Акрамя таго, важным з’яўляецца момант з абвяшчэннем прысуду – тэарэтычна, ніякіх падставаў рабіць закрытым абвяшчэнне няма, і тады грамадскасць хаця б зможа даведацца пра тое, колькі менавіта гадоў пазбаўлення волі далі Аляксею Мельнікаву (а тое, што пакаранне будзе звязана менавіта з адпраўкай у калонію, сумненняў няма).