“Аднакласнікі” падвялі чалавека пад суд.

Пры выкарыстанні матэрыялу, гіперспасылка на яго і пазначэнне MSPRING.MEDIA абавязковае.


Суд Быхаўскага раёна 1 красавіка асудзіў мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка на два гады пазбаўлення волі агульнага рэжыму па арт. 367 КК РБ (паклёп на Аляксандра Лукашэнку) і арт. 368 КК РБ (абраза ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі).

Паводле матэрыялаў справы, Аўдзеюк не пазней за жнівень 2021 года паставіў «клас» пад пастом у пабліку ў «Аднакласніках» «Мая краіна – вольная еўрапейская Беларусь». У пасце змяшчаўся фотаздымак Лукашэнкі і абразлівы надпіс, звязаны з абвінавачаннем у фашызме.

Варта адзначыць, што сам Аўдзяюк нічога не размяшчаў – толькі паставіў ацэнку публікацыі. Аднак судова-лінгвістычная экспертыза звярнула ўвагу на «негатыўную ацэнку Лукашэнкі», а дзяржабвінаваўца нават заявіў аб праяве «сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады». Больш за тое, ён падкрэсліў, што Аўдзяюк пакінуў «клас» з помсты».

ВЕЦЕР ПЕРАМЕНАЎ

У сваю чаргу, падсудны на працэсе сцвярджаў, што ягоны «клас» ніякай асабістай помстай Лукашэнку не з’яўляецца:

«Гэта не было асабістай помстай прэзідэнту. Пры ім я адслужыў у міліцыі, атрымаў кватэру. Да яго ў мяне ніякіх прэтэнзій не было і няма. Пэўныя дзеянні, якія маглі выклікаць нейкі негатыў, здзяйсняе не ён, а іншыя людзі. Чаму пакінуў клас? Можа павеяў вецер перамен, можа і хацелася перамен тады», – заявіў Аўдзяюк.

Пасля трох паседжанняў, суддзя Марозаў асудзіў Аляксандра Аўдзеюка на два гады калоніі агульнага рэжыму.

САПРАЎДНЫ БАЦЬКА

Увосень 2020 года сына Аляксандра – Рамана – судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна па сфабрыкаванай справе аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 жніўня.

Тады мужчыне прыйшлося адбыць чацвёра сутак у магілёўскім ІЧУ, пасля чаго абласны суд адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі і адправіў справу на дапрацоўку. Па выніку разбіральніцтва было вырашана, што доказаў віны Рамана Аўдзеюка недастаткова для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Удзел у абароне сына браў і Аляксандр Аўдзяюк.