Паказвалі “Глабальныя каштоўнасці”.
Тры дні таму ў Севастопалі завяршыўся фестываль “Глабальныя каштоўнасці” – міжнародны форум маладых кінематаграфістаў. Мерапрыемства мела статус міжнароднага, але склад замежных удзельнікаў, прадказальна, быў дастаткова вузкім: Арменія, Беларусь, Узбекістан, а таксама Кітай, Іран, Індыя, і з ЕС прыехалі блізкія да прарасійскіх арганізацый рэжысёры з Балгарыі, Грэцыі, Латвіі і Македоніі.
Беларусь у Севастопалі прадстаўляла Анастасія Самахвал з гульнявой кароткаметражкай “Палітра сустрэчы”. Сам фестываль актыўна асвятлялі СМІ так званых “ДНР/ЛНР” і акупаванага Крыма. Ніякай цікавасці для прафесіяналаў ён не прадстаўляў, на паказы фільмаў форуму “Глабальныя каштоўнасці” гледачам раздалі 3500 бясплатных білетаў.
Асноўнай пляцоўкай фестывалю стаў кінатэатр “Расія”. Арганізатары мерапрыемства не хаваюць, што лічаць “Глабальныя каштоўнасці” платформай для стварэння новага моладзевага руху “культурнага дыялогу паміж Расіяй і іншымі краінамі”.
Упершыню аб ідэі правядзення такога форуму было заяўлена ў 2020 годзе. Летась прайшоў першы фестываль і месцам яго правядзення спецыяльна быў выбраны горад базіравання Чарнаморскага флоту ВМФ Расіі.
Прамую падтрымку яму аказвае цяперашні губернатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў. Аднак, паводле Канстытуцыі Украіны, Севастопаль з’яўляецца горадам са спецыяльным статусам у складзе Украіны. Цяперашняя яго адміністрацыя лічыцца часовымі акупацыйнымі ўладамі.
Нагадаем, афіцыйна МЗС Беларусі рэкамендуе грамадзянам краіны ўлічваць нормы ўкраінскага заканадаўства пры паездках на тэрыторыю паўвострава Крым. Акрамя таго, згодна з заканадаўствам Украіны, Аўтаномная Рэспубліка Крым і горад Севастопаль з’яўляюцца часова акупаванымі тэрыторыямі. Праезд туды не з тэрыторыі Украіны трактуецца украінскім заканадаўствам як крымінальнае злачынства – незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы.