Падлеткавыя ваенна-патрыятычныя клубы пры Унутраных войсках МУС РБ збіраюць у “Маладую гвардыю”.

У траўні 2024 года для гэтых мэт быў створаны спецыяльны фонд пад такой жа назвай, якім з новага года кіруе палкоўнік запасу Сяргей Грабённікаў – былы замкамандуючага Унутранымі войскамі МУС. А месяцам раней быў запушчаны тэлеграм-канал, які адмініструе маёр міліцыі Таццяна Камінская.

За няпоўны год да канала далучыліся каля 2300 карыстальнікаў – – гэта колькасць членаў усіх школьных ВПК у Беларусі.

Як стала вядома MSPRING.MEDIA, кожны малады баец ваенна-патрыятычнага клуба павінен быць на яго падпісаны. Такім чынам, праз тэлеграм-канал ажыццяўляецца ідэалагічная накачка дзяцей і фактычна ствараецца адзіны ваенізаваны рух, які ўжо непадкантрольны педагогам на месцах.

Ідэолагі ўнутраных войскаў культывуюць памяць аб савецкім руху “Маладая гвардыя” (у Краснадоне на Данбасе), дзень памяці якога школьнікі з ВПК адзначылі 9 лютага.