Дзеля прыгожай ідэалагічнай карцінкі школьнікаў прымушаюць развучваць лозунгіштампы і патрабуюць быць на парадзе, прычым сімволіку дзецям і іх бацькам прыйдзецца здабываць самім.

8 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымкі ў тэксце –


Напярэдадні 9 траўня магілёўцы запоўнілі сацсеткі паведамленнямі аб тым, як мясцовых школьнікаў хочуць выкарыстоўваць для прыгожай карцінкі на парадзе ў гонар Дня Перамогі.

У твітэры карыстальніка @Untervladislav з’явілася відэа, як вучняў адной з магілёўскіх школ вывелі ў двор, каб яны рэпетавалі лозунгі, якія ім прыйдзецца крычаць падчас праходу калоны. Акрамя таго, там жа апублікаваныя фатаздымкі. Згодна з імі, у першы блок парада ўключаны «ветэраны» і «ганаровыя госці». Для іх чыйсьці вынаходлівы мозг падрыхтаваў лозунгі «Слава героям! Слава Перамозе! Ўра»,«З Днём Перамогі! Ура!» і «Слава народу-пераможцу!».

Для другога блока калоны – людзей з партрэтамі герояў вайны – школьнікам дадалі яшчэ і лозунг «Магілёў – гэта я! Магілёў – гэта мы! Магілёў – лепшы горад зямлі».

Акрамя вакальных дадзеных, магілёўскім школьнікам давядзецца парадаваць ідэалагічныя аддзелы горада яшчэ і знешнім выглядам.

У запісе шматдзетнай мамы Алены Крэнь ў Facebook з’явіўся фотаздымак аб’явы ў адной з магілёўскіх школ. У ёй кіраўніцтва ўстановы адукацыі патрабуе, каб вучні 5-11 класаў у поўным складзе (!), а таксама настаўнікі  былі на парадзе і стаялі паводле схемы. Пры гэтым чыноўнікі абавязваюць дзяцей выглядаць «святочна»: дзелавы стыль адзення, бутаньерка, а таксама наяўнасць у кожнага школьніка альбо галінкі яблыні, альбо балонікаў.

 

Згода з каментарамі Крэнь пад публікацыяй, усё гэта бацькі і дзеці павінны здабыць на свае сродкі. Школа толькі загадвае.