Пракуратура Магілёўскай вобласці ставіць рэкорд па колькасці адказаў ні пра што.
4 лістапада. Магілёў. Саша Мінько
Пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк адмовіўся адказваць па сутнасці на пытанне праваабаронцаў «Магілёўскай вясны» наконт супярэчнасцяў у беларускім заканадаўстве, якія тычацца ўмоў утрымання грамадзян у следчых ізалятарах. Ён стаў на бок сілавых органаў.
Вязні, якіх нават яшчэ не асудзілі (а значыць іх віна не ўстаноўлена) вымушаныя сядзець у каменным мяшку без адзінага сонечнага промня пры кругласутачным штучным асвятленні. Такія рэаліі СІЗА. Гэта забаронена Санітарнымі нормамі і правіламі, зацверджанымі Міністэрствам аховы здароўя. Аднак гэта не бянтэжыць МУС, якое прадпісала ў Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў ўсталёўваць на вокны «металічныя жалюзі» – звараныя металічныя пласціны пад вуглом 45 градусаў, якія пазбаўляюць людзей права проста паглядзець у вакно.
На просьбу даць прававую ацэнку супярэчнасці ў беларускім заканадаўстве Чадзюк умела выслізнуў.
Ён лірычна інтэрпрэтаваў адпіскі, раней атрыманыя праваабаронцамі з Дэпартамента выканання пакаранняў і ад яго падначаленых пракурораў – у духу «спецыялістамі цэнтра гігіены медыцынскай службы абласнога Дэпартамента фінансаў і тылу МУС сістэматычна праводзяцца маніторынгі санітарна-эпідэміялагічнага стану ВУ «Турма №4».
Праўда, ён адразу тлумачыць, што ў беларускіх турмах і СІЗА немагчыма зрабіць замеры натуральнай асветленасці, бо іх абсталяванне не дазваляе ў прынцыпе выканаць методыку. А без такіх замераў любы маніторынг – гэта прафанацыя.
У цяперашні час, піша Аляксандр Чадзюк, пракуратурай вобласці сумесна са спецыялістамі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама праводзіцца праверка выканання заканадаўства аб медыцынскім забеспячэнні асоб, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і якія ўтрымліваюцца пад вартай.
І тут жа сцвярджае, што абсталяванне камер магілёўскай Турмы №4 адпавядае патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
У чэрвені 2012 года Міністэрства аховы здароўя устанавіў санітарныя нормы і правілы. Менавіта аб парушэнні палажэнняў гэтага дакумента ішла гаворка ў скарзе праваабаронцаў.
Акрамя таго, калі праверка яшчэ праводзіцца, то адкуль гатовы вынік? Зноў пракуратура супярэчыць сама сабе.
Пракурор вобласці робіць выснову – падставы па прыняцці мер па ўнясенню змяненняў, дапаўненняў у Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай МУС №174 ад 20 кастрычнiка 2000 года, няма.
Іншымі словамі, пракурор абараніў не інтарэсы гараджан, правы якіх на здароўе парушае дзяржава, а стаў на бок МУС, якое гэтыя правы парушае.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў так пракаментаваў для часопіса аб правах чалавека MSPRING.ONLINE адказ пракурора вобласці:
– Відавочна, задачай пракурора вобласці было адысці ад галоўнага адказу – ацэнкі супярэчнасцей у заканадаўстве. Ён проста баіцца гэтай тэмы, і, як і яго калегі з іншых органаў, спадзяецца на вырашэнне гэтага пытання начальствам ў Мінску. Аднак сталічныя пракуроры таксама не хочуць ўвязвацца ў гэтую справу. Нагадаю, Аляксандр Чадзюк адказ даваў пасля таго, як скарга на дзеянні яго падначаленых, адпраўленая ў Генпракуратуру, вярнулася на разгляд да яго. Атрымліваецца такі пінг-понг, вынікам якога становіцца адсутнасць пракурорскага нагляду як такога – гэта значыць, пракуратура сцвярджае сябе як бескарыснае месца.
Па словах Буракова, другой задачай пракурора вобласці было адбяліць свайго намесніка Сяргея Сільвановіча, які раней даў праваабаронцам «цалкам ганебны адказ»:
– Займаючы такую высокую пасаду, гэты чалавек асмеліўся выказаць здагадку, што Санітарнымі нормамі і правіламі, зацверджанымі Міністэрствам аховы здароўя, нібыта не прадугледжаны нормы натуральнай асветленасці для турмаў і СІЗА. Груба кажучы, ці не намёк гэта на тое, што зэкі – людзі другога гатунку? Пры гэтым службовая асоба не пазначае ніякага іншага нарматыўнага акту. Вядома, гэта дае глебу для сумненняў у кампетэнтнасці прадстаўніка нагляднага органа.
Што да другога пункта, то пракурор вобласці называе апратэставаны праваабаронцамі адказ свайго намесніка «матываваным» і лічыць, што падстаў для прыняцця мер рэагавання няма. Нагадаем, менавіта ён і стаў прычынай скаргі ў Генеральную пракуратуру.
Пракурор вобласці не абмовіўся аб Мінімальных стандартных правілах ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі, на якія таксама спасылаліся праваабаронцы. Падобна на тое, што міжнародныя дамовы і абавязальніцтвы застаюцца для нагляднага воргана пустым гукам.