Як новая версія закона «Аб масавых мерапрыемствах» ударыла па магілёўскіх верніках

Пастанова Савета Міністраў №49, накіраваная на барацьбу з палітычнай апазіцыяй, ударыла і рэлігійных групах.

26 красавіка. Магілёў. Саша Мінько


Пастановай Саўміна ў студзені 2019 году зацверджана «Палажэнне аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца міліцыяй, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства».

Расцэнкі немаленькія. Так, напрыклад, лідэры беларускіх апазіцыйных партый нават адмовіліся ад традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка ў сталіцы краіны з-за немагчымасці пакрыць фінансавыя выдаткі, што прад’яўляюцца ўладамі. Відавочна, пастанова была прынята, каб адбіць ахвоту ў палітычна актыўнай часткі грамадзян арганізоўваць вулічныя мерапрыемствы.

Аднак нечакана (а, можа, і чакана) ужытыя расцэнкі ўдарылі па рэлігійных групах. Некаторыя каталіцкія святары ўжо прызналіся, што вымушаныя былі адмовіцца ад некалькіх рэлігійных акцый.

Але наперадзе адна з галоўных падзей у жыцці каталікоў – працэсіі Божага Цела, якія ў гэтым годзе прыпадаюць на 20 чэрвеня (раней працэсіі праходзілі напрыканцы траўня, свята адзначаецца на 60-ы дзень пасля Вялікадня).

Збіраюць такія шэсці не менш за сотню вернікаў, а значыць аплата складзе ад 3825 рублёў, калі колькасць удзельнікаў не перавысіць тысячы чалавек. Калі ж працэсія апынецца больш масавай, спатрэбіцца 6375 рублёў. Варыянт з падлікам вернікаў, каб іх аказалася не больш за сто чалавек, каб трапіць у рамкі аплаты 637 рублёў, не разглядаюцца.

Царква “Трох Свяціцеляў”, Магілёў

З такой жа праблемай могуць сутыкнуцца і праваслаўныя вернікі.

30 красавіка чакаецца хрэсны ход з Магілёва ў Бялынічы ў гонар свята іконы Божай Маці Бялыніцкай. У гэтым годзе святкаванне перанесена з 25 красавіка на 1 траўня. Афіцыйна ў сувязі з тым, што ён прыпадае на Страсную сядміцу, але не выключана, што царкоўныя іерархі ўзгадняюць з уладамі фармат правядзення мерапрыемства.

Згодна з пастановай Савета Міністраў №49 самы танны варыянт – да 10 удзельнікаў, ён запатрабуе каля 80 рублёў (3 базавыя велічыні). Альбо вернікі таксама могуць адправіцца ў шлях неафіцыйна. У апошнім выпадку можна казаць пра вяртанне часоў, калі вернікі вялі сваю актыўнасць падпольна.

Таксама пад пагрозай апынулася падрыхтоўка да штогадовай каталіцкай пілігрымкі ў Будслаў, якая доўжыцца некалькі дзён і да якой далучаюцца вернікі з Бялынічаў. Сам “Будслаўскі фэст-2019″ пройдзе 5-6 ліпеня пад дэвізам “Каралева сем’яў, маліся за нас”.

Пілігрымка ў Будслаў. Фота Catholic.by

Свята занесена ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА, але для магілёўцаў яно можа не адбыцца. Альбо ў пілігрымку вернікі зноў жа адправяцца, не афішуючы яе.

Нагадаем, дзярждэпартамент ЗША публікуе штогадовы даклад аб сітуацыі са свабодай веравызнання ў свеце. У 2012 годзе дзярждэп ўжо адзначаў прыкметнае пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі.

З таго часу з году ў год фіксуюцца выпадкі затрымання грамадзян за празелітызм, у тым ліку баптыстаў і прадстаўнікоў Сведак Іеговы. Рэлігійныя меншасці маюць цяжкасці з рэгістрацыяй. Улады працягваюць сачыць за мінарытарнымі і незарэгістраванымі рэлігійнымі групамі, якія лічыць “замежнымі”.

У шэрагу выпадкаў дзяржава адвольна дае дазвол на правядзенне рэлігійных сходаў або адмаўляе ў ім, а таксама адмаўляе ў візах або пралангацыі іх місіянерам. Новая пастанова Саўміна можа вярнуць краіну ў спіс злосных парушальнікаў свабоды веравызнання.