Гісторыя разгрому каталіцкай сталіцы Расійскай імперыі – Магілёва.

25 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько


Гаворка ў гэтым матэрыяле пойдзе пра маладаследаваную катэгорыю пераследаў – рэпрэсіях супраць рэлігійных груп. Тэкст заснаваны на матэрыялах праграмы “Ганенні духавенства і свецкіх пры багаборчай уладзе” маскоўскага праваабарончага цэнтра “Мемарыял”. Даследаваліся следчыя справы ў цэнтральным і рэгіянальных архівах ФСБ, а таксама ў цэнтральным архіве МУС Расіі. У аснове праграмы ляжала таксама вывучэнне дакументаў з фондаў Палітычнага Чырвонага Крыжа (1918 – 1922) і дапамогі палітвязням  (Помполит, 1922-1938). Па макулінках згадак пра Магілёў можна аднавіць карціну таго, што адбывалася. Відавочна, яна будзе не поўнай, але мы яшчэ раз пераконваемся, што цалкам утаймаваць злачынствы не атрымалася.

МАГІЛЁЎ І КАТАЛІКІ Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Многія магілёўцы нават не здагадваююца, у якім значным месцы яны жывуць. Пачнем з таго, што каталіцтва ў царскай Расіі (а Беларусь на той момант уваходзіла ў склад імперыі) лічылася рэлігіяй заваяваных народаў. З-за таго, што каталіцкая царква мела свой цэнтр за межамі краіны, рэлігійнае жыццё было бесперапыннай барацьбой за захаванне яе незалежнасці і за магчымасць падтрымліваць сувязь з Ватыканам.

Магілёў меў асаблівы статус пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Кацярына II у 1773 г. выдала ўказ аб стварэнні Беларускай каталіцкай епархіі і аб прызначэнні біскупа Беларускага з рэзідэнцыяй у Магілёве. Праз дзесяць гадоў дыяцэзія была ператворана ў Магілёўскую. З тых часоў магілёўскія архіяпіскапы мелі статус мітрапаліта, знаходзіліся ў Санкт-Пецярбургу   і фактычна ўзначальвалі Каталіцкую Царкву Расійскай імперыі. Іншымі словамі, Магілёў быў сталіцай каталікоў Расіі.

Эдуард фон Роп

Пасля перавароту 1917 года, у снежні кафедру Магілёўскай мітраполіі – а гэта цяперашні Касцёл Святога Станіслава, заняў арцыбіскуп Эдуард фон Ропп. Епархія была вакантнай з 1914 года, і яе прыняў біскуп, абраны дэпутатам I Дзяржаўнай Думы і ў 1907 годзе адпраўлены ў ссылку за нязгоду з урадам па пытанні стаўлення да каталікоў. Здавалася б, бальшавікі, якія ненавідзелі царызм, павінны былі быць да яго добразычлівымі. Але ўжо з першых дзён свайго існавання камуністы былі настроены антырэлігійна. Дэкрэт аб Зямлі пазбаўляў Царкву правоў уласнасці на зямлю, Царква пазбаўлялася ўсіх акадэмій, сямінарыяў, вучэльняў. А 1918 год стаў годам яе задушвання.

ПЕРШАЯ КРОЎ

Першыя справы на каталіцкіх ксянзоў у Магілёве былі падрыхтаваныя ў лютым 1918 году, то бок, праз тры месяцы пасля перамогі рэвалюцыі. І адразу ж з’явіліся першыя крывавыя ахвяры. У архівах захавалася інфармацыя пра абвінавачанне Яўгена Святаполк-Мірскага ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці», як удзельніка паўстанцкай арганізацыі (ПАВ)”, вінаваціўся ён таксама «у пакрывальніцтве польскіх салдатаў».

Яўген Святаполк-Мірскі

Ігуменам кафедральнага сабора ў Магілёве ён стаў у 1912 годзе. На момант арышту бальшавікамі 8 сакавіка 1918 года яму было 42 гады, утрымлівалі яго ў склепе архірэйскай хаты. Праз дваццаць дзён ён быў прысуджаны да расстрэлу. Падчас вынясення прысуду ў зале жаночай гімназіі вернікі паднялі шум і паспрабавалі сілай адбіць святара. Але чырвонагвардзейцы (па некаторых звестках іх было 15 чалавек, усе падлеткі) адкрылі агонь па няўзброеных людзях, было паранена і забіта некалькі чалавек.

28 сакавіка 1918 года Святаполк-Мірскі быў пакараны смерцю у канцы тагачаснай Чарнігаўскай вуліцы ў хвойніку насупраць цяперашняга мясакамбіната. Зараз на месцы яго забойства пастаўлены памятны крыж. Фактычна, ксёнз стаў першай ахвярай новага палігона смерці. У 1936-1939 гады гэтае месца стане пляцоўкай ужо для масавых пакаранняў смерцю.

Цела святара выявілі на наступны дзень з пяццю агнявымі і чатырма нажавымі ранамі, пабітай галавой і зламанымі рукамі. Улады забаранілі праводзіць адпяванне, дазволіўшы толькі пахаваць цела на месцы расстрэлу. Старшынём губернскага выканаўчага камітэта на той момант быў бальшавік па прозвішчы Гольман. Пазней цела святара было эксгумавана і перапахавана на мясцовых каталіцкіх могілках.

ЗАКЛАДНІКІ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ

Новых арыштаў доўга чакаць не давялося. Ужо ў красавіку 1918 года былі арыштаваны, як закладнікі, ксензы Іосіф Мацвеевіч Белагаловы і Нікадзім Дзядуль (пазней выехаў у Латвію і пазбег рэпрэсій). Для Іосіфа Белагаловага – легендарнай асобы для Магілёва, гэта быў першы арышт. Закладнікі былі патрэбныя, каб шантажаваць штаб польскага корпуса, сфармаванага Часовым урадам.

У студзені 1918 г. польскі корпус абвясціў вайну савецкай Расіі, а пасля захопу Рагачова, заявіў пра далучэнне Магілёўскай губерніі да Польшчы. Камуніст Гольман пагражаў расправіцца з закладнікамі-каталікамі, калі польскі корпус працягне наступ. Тым не менш, так званыя “белапалякі” усё ж акупавалі Бабруйск. Тады вярхоўны галоўнакамандуючы рэвалюцыйнай Стаўкі ў Магілёве Крыленкі выдаў указ пра пачатак вайсковых дзеянняў супраць іх.

Ксёнз Іосіф Белагаловы быў адпушчаны, але ненадоўга. Сітуацыю пагоршыла грамадзянская вайна. Каталікі зноў сталі закладнікамі дзяржаўных інтарэсаў. У красавіку 1919 года ў Петраградзе быў арыштаваны мітрапаліт Магілёўскі Эдуард фон Роп. Пасля гэтага хваля арыштаў прайшлася па ўсёй савецкай Беларусі. Закладнікі былі ўзяты ў адказ на тое, што польскія войскі занялі Вільню (цяпер Вільнюс) і арыштавалі там камуністаў. Зрэшты, Ропу пашанцавала. Праз два гады мітрапаліт быў пераведзены ў Маскву, а пасля з’яўлення савецка-польскага пагаднення пра памен закладнікамі змог выехаць у Польшчу.

РАСТРАЛЯНЫ Ў КАРЭЛІІ І ЗАСТРЭЛЕНЫ НА ЛУБЯНЦЫ

У студзені 1921 года быў арыштаваны святар Ярмаловіч Антон Іванавіч, які служыў у Шклове. Вядома, што гэта быў другі яго арышт у Магілёве. Пазней ён атрымае 10 гадоў лагераў і будзе адбываць кару на Салаўках, дзе працягне насуперак усяму здзяйсняць абрады. Паўторна ўзбуджаная справа стане для яго фатальнай.  3 лістапада 1937 года выхадзец Аршаншчыны сарака гадоў будзе расстраляны ў Карэліі (мемарыяльныя могілкі “Сандармох”).

Амаль адначасова з гэтымі падзеямі ў студзені 1921 года зноў пад арышт па абвінавачванні “у зносінах з польскай дэлегацыяй дзеля шпіянажу” трапляе ксёндз Іосіф Белагаловы. Яго “супольнікам” прызначылі ігумена магілёўскага храма Св. Казіміра Леанарда Гашынскага (праз сем гадоў ён з’едзе служыць у Харкаў, дзе загіне ў 1937 годзе). Праз месяц справа разбураецца. ДПУ выдатна было асвядомлена пра беларускі патрыятызм святара, на чым бальшавікі вырашылі згуляць.

Праз год, у студзені 1922 гады Іосіфа Белагаловага зноў арыштоўваюць ужо па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшчы. На адным з допытаў ксяндзу было прапанавана прыняць сан біскупа ў старакаталікоў Германіі, каб стварыць незалежную ад Рыма беларускую нацыянальную царкву. Іосіф Белагаловы адпрэчыў гэтую прапанову і лёс яго была прадвызначаны. Пакуль яго адпусцілі у надзеі на тое, што ксёнз раздумаецца.

Але ў 1926 годзе гульня была скончана. У лютым на яго заводзяць справу за паведамленне сваякам у Польшчы пра тое, што “на Украіне голад, і людзі паміраюць ад голаду на вуліцах”. А з 28 жніўня па 29 лістапада ідзе працэс над ім за контррэвалюцыйную дзейнасць і агітацыю, шпіянаж на карысць Ватыкану, Польшчы і Францыі, стварэнне арганізацыі “Маладыя філарэты”.

Калегія АДПУ прызнала яго вінаватым і засудзіла на 5 гадоў лагераў. У верасні пераведзены ва ўнутраную турму АДПУ ў Маскву. Адпраўлены ў Салавецкі лагер асабістага прызначэння (СЛАП). У 1928 годзе вывезены ў Маскву і забіты на Лубянцы “пры спробе да ўцёкаў“, дакладная дата смерці невядома.

А ШТО Ж ЯН ЦЯПЛЯК?

У красавіку 1920 года на авансцэну выходзяць іншыя фігуры. Падчас савецка-польскай вайны быў упершыню арыштаваны па “Польскай справе” ксёнз Ян Цяпляк. Ён цягам трох гадоў напярэдадні рэвалюцыі быў адміністратарам кафедральнага касцёла, гэту ж пасаду заняў у 1919 годзе і праслужыў у ёй до 1923-га. Пасля яго першага арышту царкоўныя камітэты разаслалі тэлеграмы пратэсту ў самыя высокія інстанцыі. Адказам улад сталі масавыя арышты парафіянаў, шмат хто з каго быў адпраўлены ў лагеры. А пасля высылання Ропа менавіта Ян Цепляк робіцца галавой Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ян Цяпляк

Ян Цяпляк таксама арыштоўваўся ў снежні 1922 года і сакавіку 1923-га. Апошні працэс праходзіў у Маскве – над 15 каталіцкімі святарамі, звінавачанымі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці ў інтарэсах сусветнай буржуазіі. Быў прысуджаны да смяротнага пакарання, замененага пасля пратэстаў міжнароднай грамадскасці на дзесяць гадоў пазбаўлення волі. У красавіку 1924 года ён быў вызвалены з Бутырскай турмы і высланы ў Польшчу. Адтуль праз месяц пераехаў у Рым у дырэктыву Таты Рымскага. Напачатку 1925 года 68-гадовы архібіскуп Цяпляк па запрашэнні амерыканскага епіскапату выехаў у ЗША, а да канца таго года Тата Рымскі прызначыў яго мітрапалітам Віленскім. Але прыступіць да сваіх абавязкаў ён не паспеў, бо памёр у ЗША ад прастуды. Пахаваны ў кафедральным саборы Вільнюса.

Пётр Зялінскі

“Прычэпам” па групавой справе каталіцкага духавенства на чале з нібы Янам Цяпляком пайшоў і ксёндз Пётр Зялінскі. Магістр багаслоўя родам з вёскі Трылессе пад Чавусамі з 1894 года быў адміністратарам парафіі Прачыстай Найсвятой Панны Марыі ў Магілёве. У 1904 годзе ён робіцца дэканам Магілёўскім.

Рэвалюцыю ён сустрэў ужо ў Маскве як дэкан маскоўскі. У сакавіку 1923 года там яго і арыштавалі, спамянуўшы яго магілёўскія карані. Працэс доўжыўся для яго ўсяго пяць дзён, прысуд – 3 гады спасылкі. Але ўжо ў чэрвені яго выпускаюць з турмы пасля ўльтыматуму МЗС Польшчы. А праз год яго арыштоўваюць ізноў і адпраўляюць у спасылку на пяць гадоў у Чэрдынь Пермскай вобласці.

Там ён стаў служыць у мясцовым прыходзе. У 1926 годзе гэты самаадданы чалавек адмовіўся выехаць па памене ў Польшчу. Праз год яго вызвалілі ад спасылкі з забаронай жыць у шасці найбуйных гарадах і памежных вобласцях. Але гэта было падманам. Толькі калі ён разгарнуў жыццё ў Цверы, ён ізноў быў арыштаваны і сасланы ў Паўночны край на тры гады. Адтуль ён ужо не вернецца. 18 кастрычніка 1931 года, знаходзячыся ў спасылцы ва Усць-Куломе Комі АССР, у 68 гадоў ён сканаў у шпіталі ад сыпнога тыфу.

ПАЎСТАННЕ ТАЕМНАЙ ЦАРКВЫ

1926 год стаў паваротным. Рэпрэсіі саслаблялі Царкву, многія святары знаходзіліся ў зняволенні, некаторыя былі высланы за мяжу. Таму Тата Рымскі Пій XI заснаваў пры Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Камісію “Pro Russia” для каардынавання дапамогі Царкве ў Расіі. Афіцыйныя перамовы поспеху не мелі, але пасланец Ватыкана, біскуп Д’Эрбіньі, прыязджаў некалькі разоў у Расію і змог аднавіць разбураную структуру Каталіцкай Царквы. Праведзеная таемная рэарганізацыя была заклікана аднавіць яе іерархію. Былі створаны новыя адміністратуры. Так у Магілёва і Мінска з’явіўся новы біскуп – Баляслаў Слоскан.

Балеслаў Слоскан

Неўзабаве чэкісты дакапаліся да гэтых таемных прызначэнняў, і новыя адміністратары падпалі пад рэпрэсіі. Адміністратар Мінска-Магілёўскі біскуп Слоскан падчас набажэнства ў Віцебску 14 лістапада 1926 года публічна абвясціў пра сваё прызначэнне і біскупскі сан. ДПУ ўсталявала за ім сталае назіранне, і вынік не прымусіў сябе чакаць.

Менш, чым праз год, у верасні 1927 года была ўзбуджана справа №50/717 “удзельнікаў контррэвалюцыйнай арганізацыі”, якія вінаваціліся ў тым, што “па заданні замежных выведак збіралі звесткі, здабывалі дакументы, што маюць характар дзяржаўнай таямніцы”. Месцамі злачынства лічыліся Магілёў, Віцебск і Мінск. Вінаваціліся Баляслаў Слоскан, святар Мар’ян Сакалоўскі (яго прысудзілі да смерці ў магілёўскай турме, але ў выніку ён сканаў у Вроцлаве ў 90-гадовым узросце) і рахаўнік Ваенпрадмага, вернік Касцёла Св. Станіслава Іосіф Шушкевіч (пры ператрусе ў яго нічога крамольнага не знайшлі, але прысудзілі да 3 гадоў спасылкі ў Казахстан, лёс невядомы).

Працэс доўжыўся год. Апошняга даваеннага біскупа пастановай калегіі АДПУ прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. У лютым 1928 гады яго адправілі ў Салавецкі лагер (СЛАП), на выспу Анзэр.

У верасні 1930 года ён вызваліўся і вярнуўся ў Магілёў, але праз тры месяцы быў ізноў арыштаваны і пастановай асабістай нарады калегіі АДПУ высланы на тры гады ва Ўсходнюю Сібір. Усяго Баляслаў Слоскан прайшоў праз 17 турмаў сталінскага рэжыму. У студзені 1933 гады яго памянялі на асуджанага ў незалежнай на той момант Латвіі камуністычнага агента. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў арыштаваны Гестапа і адпраўлены ў Германію ў лагер для ваеннапалонных, але быў вызвалены пасля ўмяшальніцтва нямецкіх біскупаў. Пасля вайны застаўся ў Бельгіі і выконваў функцыю апостальскага візітатара для беларускіх і рускіх каталікоў Заходняй Еўропы. Ён зусім ледзь-ледзь не дажыў да Перабудовы, сканаў у Бруселі ў 1981 годзе ў веку 87 гадоў.

З АДНАГО СА СВЯТАРОЎ ЗЛУПІЛІ ШКУРУ

Але не ўсім так пашанцавала, як Баляславу Слоскансу. На яго фоне проста жудасна выглядае лёс прызначанага ў 1927 годзе якраз Слосканом Генеральнага вікарыя Вітольда Іосіфавіча Пашкевіча.

Вітольд Пашкевіч

Яго арыштавалі амаль адразу пасля прызначэння і пад канец студзеня 1928 года выставілі абвінавачанне “у арганізацыі дэманстрацый вернікаў за вызваленне біскупа Слоскана, а таксама контррэвалюцыйных кружкоў Ружоўніка, Сэрца Ісуса і г. д.”.

Спачатку яго вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, аднак у ноч на 27 студзеня 1930 года зноў арыштавалі па абвінавачванні ў кантактах з прадстаўнікамі Ватыкана і ў “распальванні варожых настрояў супраць савецкай улады”. У траўні яго прысудзілі да 5 гадоў лагераў, але праз два месяцы тэрмін павялічылі до 10 гадоў. Адпраўлены ў Салавецкі лагер (СЛАП) на выспу Анзэр.

Ужо на Салаўках Вітольд Пашкевіч 1 ліпеня 1932 года зноў быў арыштаваны па групавой справе каталіцкага духавенства, звінавачванага ў стварэнні антысавецкай групоўкі, што таемна здзяйсняла рэлігійныя абрады.

Праз тыдзень ён быў прысуджаны да поўнай ізаляцыі ад астатніх святароў. Праз месяц цяжка захварэў, але ўсё ж быў этапаваны ў Маскву і змешчаны ў Бутырскую турму. Пасля яго таксама памянялі на некага з камуністаў, і з 1933 года ён жыў у Латвіі, пакуль гэта краіна не была акупавана савецкімі войскамі. Гэта яго і загубіла – пры адступе Чырвонай Арміі пад напорам вермахта, 1 ліпеня 1941 года ён быў жорстка закатаваны – з яго жывога злупілі скуру.

Карціна будзе няпоўнай, калі не памянуць пра гісторыю мужнага вікарыя магілёўскай парафіі Юліюша (Палікарпа) Мацыеўскага. Вядома, што яго арыштавалі пад канец 1929 года і прысудзілі да пяці гадоў лагера. Шлях для ксенза быў адзін – Салавецкі лагер. Але яго гісторыя характэрная тым, што 18 красавіка 1930 года польскі МЗС паведаміў пра яго ўцёкі з лагера. Ніякай іншай інфармацыі пра гэты выпадак няма. Юліюш Маціеўскі з’ехаў у Амерыку. Дата і месца смерці невядомы.

ЯК СВЯТАРА ПРЫМУСІЛІ СКАЗАЦЬ, ШТО РЭПРЭСІЯЎ НЯМА. А ПОТЫМ РАСТРАЛЯЛІ

Каталіцкая Царква ў Магілёве была разгромлена да 1937 года. Сведкам яе канца стаў Пётр Іосіфавіч Аўгло. Літовец па нацыянальнасці, ён яшчэ ў царскі час служыў у касцёле Мсціслава. У 1925 годзе ён стаў ігуменам парафіі ў Віцебску, дзе праз два гады быў арыштаваны і абвінавачаны ў шпіянажы. Правёўшы паўгады ў смаленскай турме, быў вызвалены і адправіўся ў Магілёў, дзе ўзначаліў прыход. Пасля арышту архібіскупа Баляслава Слоскана, ён у 1928 годзе робіцца Апостальскім адміністратарам Магілёва.

Пад уплывам пагроз з боку ДПУ знаходзіўся ў стане сталага страху. У 1930 годзе ва ўзросце 70 гадоў быў вымушаны падпісаць заяву пра адсутнасць рэпрэсій супраць духавенства з боку ўлад, якая была потым апублікавана ў прэсе. Але праз біскупа Пія Няве паведаміў у Рым пра тое, як яго прымусілі падпісаць гэтую заяву. Пад яго кіраўніцтвам быў адпраўлены ліст на імя архібіскупа Эдуарда Ропа, у якім дэталёва апісвалася атмасфера здзекаванняў і зневажэнняў.

Вось цытата пра тое, што адбывалася ў Магілёве: “Духоўнікам забаронены доступ у шпіталі. Хто хрысціць дзіцё ці вянчаецца, ці зойдзе ў царкву, таго звальняюць са службы, выключаюць з прафсаюза, нават пазбываюць інваліднай пенсіі… Святарам і набожным каталікам не даюць нават карткі на хлеб, а хто пусціць да сябе на кватэру ксяндза, таго абкладаюць падаткам… Могілкі разбураны, крыжы паламаны, помнікі ў развалінах, укрыжаванне з крыжам выдраныя, трупы выкапаныя ў пошуках залатога кольца ці крыжа… У школе здзекуюцца над каталіцкімі дзецьмі, пішуць пра іх у газетах, а потам за тое, што яны моляцца і ходзяць у касцёл, выключаюць іх са школы. На Вялікдзень, у Вялікую Пятніцу і Суботу прымушаюць вучняў публічна танцаваць, займацца блюзнерствам…”

У 1936 годзе адзін з агентаў НКУС папярэдзіў яго, што для яго было б лепш пайсці з жыцця сваімі рукамі. А 13 чэрвеня 1937 года Пётр Аўгло быў арыштаваны ў Магілёве па групавой справе каталіцкага духавенства і парафіянаў, як “кіраўнік паўстанцкай арганізацыі і агент польскай выведкі”. Прысуджаны да найвышэйшай меры пакарання – смерці. 27 жніўня 1937 года быў расстраляны ў мінскай турме.