У бабруйскую выпраўленчую калёнію №2 сотнямі прыходзяць лісты падтрымкі асуджанаму ў непаўналетнім узросце Эмілю Астраўко.

21 лютага. Магілёў. Саша Мінько


Аднак лісты даходзяць не ўсе. Канадскія актывісты гэтай міжнароднай праваабарончай арганізацыі сабралі некалькі тысяч лістоў і паштовак і адправілі іх звычайнай паштовай пасылкай. Яе вага склала 10 кілаграм. Адміністрацыю калоніі гэта паставіла ў тупік. Па законе такое адпраўленне павінна лічыцца пасылкай (з нядаўняга часу яе вага павялічана да 50 кг, альбо бандэроллю, на якія асуджаны мае права згодна рэжыму ўтрымання.

Улічваючы, што Эміль ўжо атрымліваў пасылку і новых бандэроляў не чакаў, а яго маці нічога не адпраўляла, адміністрацыя папраўчай установы лагічна вярнула мех з допісам адпраўніку.

Канадскім актывістам цяжка зразумець, як уладкованая беларуская сістэма выканання пакаранняў. Верагодна, цяпер яны ўсё ж паспрабуюць даставіць 10 кг паштовак са словамі падтрымкі паасобку.

АР’ЯНІ, РЭХЕМАН, АСТРАЎКО

Штогадовы «Марафон лістоў» ад Amnesty International у мінулым годзе быў прысвечаны абароне правоў дзяцей, моладзевых актывістаў і актывістак. Яго героямі сталі маладыя праваабаронцы і звычайныя людзі з Беларусі, Кітая, Ірана, Нігерыі і іншых краін.

Напрыклад, Ясаман Ар’яні кінула выклік дыскрымінацыйнаму закону аб абавязковым нашэнні хіджабаў у Іране – за гэта яна кінута ў турму. Ільясіжан Рэхеман – адзін з мільёна чалавек, у асноўным мусульман, якія былі гвалтоўна адарваныя ад сем’яў і змешчаныя ў сакрэтныя лагеры для інтэрнаваных асоб у Кітаі.

Нажаль, у гэтым спісе, вядомым зараз ўсім свеце, ёсць і Эміль Астраўко – беларускі школьнік, які адбывае працяглы тэрмін турэмнага зняволення за нязначныя правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі.

Сёння Эміль Астраўко адбывае тэрмін у ПК-2 горада Бабруйска, куды быў этапаваны з выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх. На момант затрымання міліцыяй у красавіку 2018 года сямнаццацігадовы хлопец рыхтаваўся да выпускных іспытаў за сярэднюю школу, але здаць іх да гэтага часу не змог – ні СІЗА, ні выхаваўчая калонія ВК-2 (хоць там ёсць філіял сярэдняй школы) не далі яму такой магчымасці.

Толькі цяпер, праз два гады, адміністрацыя ўжо дарослай ВК-2 прапанавала хлопцу распачаць спробу атрымаць атэстат. Для гэтага ў калонію прыедзе спецыяльная экзаменацыйная камісія.

ЗАМЕСТ ВЫПУСКНОГА – СІЗА

А два гады таму замест выпускнога вечара хлопца чакала СІЗА. Падлетак вырашыў падзарабіць кур’ерам і знайшоў у інтэрнэце адкрытую вакансію ад афіцыйнага распаўсюдніка легальных курыльных сумесяў. Але пазней высветлілася, што новыя партыі тавару сталі прыходзіць ужо з даданнем псіхатропу.

Наркакантролем дзеянні непаўналетняга курьера былі кваліфікаваныя па частцы 4 артыкула 328 КК, як удзельніка арганізаванай групы распаўсюднікаў наркотыкаў. Улічваючы, што санкцыя гэтага артыкула прадугледжвала пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў, адміністрацыя СІЗА палічыла атэстат аб сярэдняй адукацыі ўжо непатрэбнай рэччу для будучага зэка. У Беларусі прынята на такіх асуджаных ставіць крыж.

Праўда, пазней суд вышэйшай інстанцыі перакваліфікаваў артыкул на частку 3 – злачынства здзейсненае групай асобаў, а не арганізаванай злачыннай групоўкай. Яшчэ пазней, дзякуючы зніжэнню ніжняй планкі пакарання на два гады, тэрмін быў зноў паменшаны.

Стала відавочна, што наркакантроль празмерна гарэў у жаданні паказаць вынікі. Такім чынам, са злоснага злачынца з 10-гадовым тэрмінам, Эміль Астраўко пасля ўсіх разглядаў ператварыўся ў ахвяру пенітэнцыярнай сістэмы з 6-гадовым прысудам. Хлопец прайшоў праз СІЗА №1 Мінска, жодзінскую турму №8, выхаваўчую ВК-2 для непаўналетніх злачынцаў і ПК-2. Як сістэма выканання пакаранняў перамалола юнага вязня, мы ўжо пісалі:

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International дзеі, здзейсненыя Эмілем Астраўко называе “minor drug-related offences”, што перакладаецца як “дробныя правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі“. Гэта паняцце дастасавальна да ўсіх непаўналетнім, асуджаных па артыкуле 328 КК «Незаконны абарот наркотыкаў». Падлеткі не здзяйснялі гвалтоўных дзеянняў, і падставы ўтрымліваць іх у зняволенні так доўга вельмі сумніўныя.

Акрамя таго, Amnesty International зьвяртае ўвагу і на іншыя праблемы. Арганізацыя падрыхтавала прадстаўленне для Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) ААН. У траўні 2020 года пройдзе 36-я сесія рабочай групы УПА, а ў чэрвені гэтага года праз гэтую працэдуру пройдзе Рэспубліка Беларусь. Азнаёміцца ​​з дакументам пад назвай «Беларусь: сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека па-ранейшаму выклікаюць заклапочанасць» можна тут.