У старшыні Следчага камітэта РБ «псіхоз»? Ён адмяніў асабісты прыём грамадзян праз эпідэмію каранавіруса

Перайшоў на тэлефонны рэжым.

31 сакавіка. Магілёў-Мінск. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч у лютым гэтага года запісаўся на асабісты прыём да старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Івана Наскевіча. Ён хацеў абмеркаваць сітуацыю з прыцягненнем мясцовага чыноўніка і міліцыі да крымінальнай адказнасці з-за сітуацыі трохгадовай даўнасці.

Тады, у 2017 годзе, Лапцэвічу не далі патрапіць на сход гаражнага кааператыва «Спадарожнік-2008», куды яго запрасіла кіраўніцтва кааператыва. Перашкодзілі яму чыноўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанцін Кісцянёў і супрацоўнік Ленінскага РАУС Сяргей Калеснікаў, які вывеў журналіста з будынка з ужываннем сілы.

Шматлікія скаргі ў суды і мясцовае ўпраўленне Следчага камітэта выніку не далі, таму Уладзімір Лапцэвіч вырашыў запісацца на асабісты прыём да старшыні цэнтральнага апарата Следчага камітэта Івана Наскевіча.

– Першы прыём прызначылі на 4 сакавіка, але паведамілі пра гэта мне толькі ўвечары 3 сакавіка, таму патрапіць я не паспеў. Мяне запісалі на асабісты прыём яшчэ раз, у першую сераду наступнага месяца – як раз 1 красавіка. Аднак 30 сакавіка я атрымаў апавяшчэнне, што Наскевіч адмяніў асабісты прыём і правядзе яго ў фармаце тэлефоннай размовы, – распавёў Лапцэвіч.

У электронным адказе журналісту прадстаўнік Следчага камітэта Віталь Жукоўскі паведаміў, што «у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася… асабісты прыём Старшынёй Следчага камітэта будзе ажыццяўляцца ў рэжыме «прамой тэлефоннай лініі».

– Атрымліваецца, старшыня СК паддаўся псіхозу, як кажа Лукашэнка. Хоць і кажуць, што ўсё добра, а па выніку атрымліваецца, што з людзьмі баяцца размаўляць. Хоць там настолькі вялікі кабінет, што можна спакойна вытрымаць адлегласць паміж тымі, хто размаўляе, ў паўтара метра, – пракаментаваў ліст са Следчага камітэта Уладзімір Лапцэвіч.