Смешна і непрыемна: быхаўская міліцыя прызнала нормай «туалет-вядро» для арыштаваных

Быхаўчанін Уладзімір Гаруноў адзін з нямногіх, хто адважыўся напісаць скаргу на ўмовы ўтрымання ў быхаўскім ІЧУ. Іх можна прыраўняць да катаванняў, а апраўдацца міліцыянтам няма чым.

25 лістапада. Быхаў. Саша Мінько


Быхаўскі ізалятар часовага ўтрымання знаходзіцца ў будынку райаддзелу міліцыі. У горадзе пражываюць ўсяго 17 тысяч жыхароў, таму на асобны корпус для адміністрацыйна арыштаваных сродкаў не знайсці. А сам РАУС чымсьці падобны на школу.

Восем камер знаходзяцца ў ніжнім паўпадвальным паверсе. Першае, што здзіўляе тых, хто трапіў туды, гэта адсутнасць вокнаў і пастаянны паўзмрок. Сцены камер выфарбаваныя ў цёмна-сіні колер, а пад столлю трохі гарыць слабым святлом лямпачка. Чытаць у камеры немагчыма, а нешта напісаць – напрыклад, скаргу, – магчыма толькі «навобмацак».

Асобная тэма – гэта туалет. У камеры, як распавядае Уладзімір Гаруноў, стаіць пластыкавае вядро, але на паверсе ёсць яшчэ звычайны туалет, куды водзяць ўсяго два разы на дзень – раніцай і ўвечары. У гэтым туалеце з двума ўбетаванымі ў падлогу «дзіркамі» пануе антысанітарыя, а рукамыйніцы нават не прымацаваныя да сцяны і гатовыя абрынуцца. Акрамя таго, адміністрацыйна арыштаваных не водзяць на прагулкі.

Уладзімір Гаруноў трапіў у быхаўскі ІЧУ за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Спачатку яго аповед выклікаў некаторы скепсіс – можа быць, палітычна актыўны чалавек проста незадаволены мясцовай міліцыяй і распавядае такія дзікія рэчы. Але сумневы развеяў афіцыйны адказ на яго скаргу, дадзены часова выконваючым пасаду начальніка аддзела Андрэем Кудравым.

Міліцэйскі чын не пасаромеўся афіцыйна прызнаць, што «камеры ІЧУ АУС Быхаўскага РАУС абсталяваны біяпрыбіральняй – «туалет-вядро» (арфаграфія захавана, – заўв.рэд.) І ёмістасцямі з пітной вадой. Таксама двойчы ў суткі ажыццяўляецца суправаджэнне асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у агульную ванны пакой, абсталяваны двума рукамыйніцамі, двума санітарнымі вузламі і душавой (усталяваны бойлер)».

Досыць спецыфічныя ўяўленні ў быхаўскай міліцыі аб біяпрыбіральнях. Усё ж такі пластмасавае вядро застаецца вядром. А фраза «усталяваны бойлер» яшчэ не азначае, што бойлер працуе. Памыцца Уладзіміру Гарунову не далі і пераконвалі яго, каб ён ад гэтай гігіенічнай працэдуры проста адмовіўся.

Што ж тычыцца прагулак, то быхаўскі РАУС публічна заяўляе пра грубае парушэнне правоў затрыманых і адміністратыўна арыштаваных.

Часова выконваючы пасаду начальніка піша: «У адпаведнасці з пунктам 154 Раздзела 17 Правілаў унутранага распарадку асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць прадстаўляцца прагулкі, аднак у сувязі з неадпаведнасцю дзеючаму ведамаснаму тэхнічнаму кодэксу існуючай практыкі (ТКП), які вызначае стандарты (патрабаванні) да будынкаў i памяшканняў органаў унутраных спраў, прагулачны двор, размешчаны на тэрыторыі ІЧУ Быхаўскага РАУС, выкарыстоўваць па прызначэнні немагчыма, бо патрабуецца поўная яго рэканструкцыя».

Фактычна, па законе быхаўскі ІЧУ трэба зачыняць. Гэта самы просты варыянт рашэння праблемы. Што ж распачне міліцэйскае начальства, стане зразумела з іх адказаў на новыя скаргі.