Сітуацыю з затрыманнем фрылансера Аліны Скрэбуновай журналісцкая супольнасць разглядае як спробу запалохаць незалежныя СМІ.

23 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў з Магілёва і Бялынічаў накіравалі калектыўны зварот ва Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, гарвыканкам і аблвыканкам.

Пад дакументам падпісаліся сем чалавек – сябраў БАЖ. Яны папрасілі растлумачыць, чаму фрылансера Аліну Скрэбунову, якую пераследуюць за журналісцкую дзейнасць, 21 траўня затрымлівалі настолькі брутальным спосабам:

«21 траўня 2018 г. была гвалтоўна затрыманая і дастаўленая ў Ленінскі аддзел міліцыі журналістка-фрылансер Аліна Скрэбунова. Ёй удалося зняць тое, што з ёю адбывалася на камеру мабільнага тэлефону. Як вынікае з запісу, затрымлівалі журналістку людзі ў цывільным. Яны не патлумачылі, чым выклікана такая форма зняволення і не назваліся. Машына, якою двое мужчынаў прыехалі за Скрэбуновай, была не службовая. Усе гэта выглядае на «выкраданне» чалавека, а не яго «законнае затрыманне», – пазначана ў звароце.

КДБ ЗАГАДАЛА
ПАКАРАЦЬ ЖУРНАЛІСТАЎ
БЕЛСАТ?

Далейшае развіццё сітуацыі паказала, што гвалт у дачыненні да журналісткі быў арганізаваны толькі для таго, каб у Ленінскім аддзеле міліцыі ёй уручылі позву на 23 траўня.

Магілёўскія журналісты выказалі пратэст супраць такіх дзеянняў міліцыі. Падпісанты лічаць, што сітуацыя з Алінай – спроба запалохаць незалежныя СМІ:

«Мы разглядаем метад, абраны міліцыяй, для затрымання Аліны Скрэбуновай спробай запалохаць журналісцкую супольнасць і лічым неабходным заявіць, што гэта не дапушчальна для прававой дэмакратычнай краіны. Падобнае абыходжанне з журналісткай не спрыяе росту аўтарытэту органаў міліцыі ў грамадстве», – адзначаецца ў заяве.

Падпісанты папрасілі патлумачыць, чым была выклікана неабходнасць гвалтоўнага затрымання журналісткі, а таксама прыцягнуць да адказнасці тых, хто прымаў такое рашэнне і яго выконваў. Таксама журналісты патрабуюць, каб падобных сітуацыяў, як са Скрэбуновай, больш не паўтаралася.

Аліну Скрэбунову і аператара Яўгена Глушкова абвінавачваюць у тым, што яны незаконна зрабілі два сюжэты для тэлеканала БелСАТ.Самі фрылансеры лічаць, што адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да іх міліцыя пачала пад ціскам КДБ.