Камуністы, незразумелая партыя працы і справядлівасці, БРСМ – усё, як мы любім, «лішніх» не ўзялі.
3 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі / photo – mogilev-region.gov.by
Прэзідыумы Магілёўскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў сфармавалі 13 акруговых выбарчых камісій (АВК) і адну абласную.
У іх абавязкі ўваходзіць арганізацыя і правядзенне выбараў у парламент Рэспублікі Беларусь па адпаведных акругах. У Магілёве іх чатыры – Магілёўская-Ленінская №84, Магілёўская-Цэнтральная №85, Магілёўская-Кастрычніцкая №86 і Магілёўская-Прамысловая №87.
Яшчэ ёсць Магілёўская-Сельская выбарчая акруга №88 – у гэтым годзе там будзе асабліва цікава, бо шэраг патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі маюць намер дамагацца дэпутацкага мандата на хвалі барацьбы за экалогію ў свабоднай эканамічнай зоне №4 (менавіта тут размяшчаюцца заводы «Кронаспан» , «ВМГ-Індустры», «Омск Карбон Магілёў», якія турбуюць гараджан).
Сумеснае паседжанне прэзідыумаў доўжылася некалькі гадзін. У склад акруговых і абласнога выбаркамаў вылучылася ўсяго 268 чалавек. Амаль палову вылучэнцаў (151 чалавек) прадстаўлялі палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Ад грамадзян шляхам падачы заяў былі вылучаны 90 чалавек, ад працоўных калектываў – 27.
Апазіцыйныя партыі і рухі вылучылі 5 чалавек у абласную камісію і каля дваццаці – у акруговыя. Больш за ўсё пастараліся беларуская партыя левых «Справядлівы свет» (вылучала 5 чалавек), Аб’яднаная грамадзянская партыя (таксама 5 чалавек) і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (9 чалавек).
Сюрпрыз-сюрпрыз: ні ў адну з камісій нікога з дэмакратаў не дапусцілі. Па адкрытасці выбарчага працэсу Магілёўскі рэгіён на гэтых выбарах пакуль у канцы – у Віцебскай і Гомельскай вобласці ў склад выбаркамаў ўключылі адразу некалькі апазіцыянераў.
Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, які прысутнічаў на працэсе фарміравання камісій, заявіў аб тым, што магілёўскія ўлады «галасавалі як па камандзе»:
– Спачатку фармавалі абласную камісію. Галоўны крытэр – ці ёсць досвед працы ў камісіях. Галасавалі, як па камандзе. Альбо амаль усе «за», альбо амаль усе «супраць». Падышла чаргу Уладзіміра Парфёнава. Пра яго бадзёра далажылі, што ў яго вопыту работы няма. Я ўзяў слова, паправіў дакладчыка. Парфёнаў ў 2010 годзе быў у складзе абласной выбарчай камісіі і, па словах іншых сябраў камісіі, рабіў ледзь не палову працы. Дадаў, што галоўным крытэрыем павінен быць не досвед працы, а ці будуць кандыдаты ад партыі вылучацца ў дэпутаты, і таму лагічна, што прадстаўнік партыі павінен увайсці ў склад выбарчай камісіі. Нібыта эмацыйна прысутныя як-бы падтрымалі мяне. Але галасаванне – амаль усе супраць Парфёнава, – распавёў палітык.
У кожную з камісій увайшла максімальна магчымая колькасць чалавек – па 13. У асноўным, гэта прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія кантралююцца ўладай: БРСМ, арганізацыя прафсаюзаў, Беларускі саюз жанчын, “Белая Русь” і іншыя.
Палітычныя партыі ў складзе АВК прадстаўлены толькі камуністамі і членамі партыі працы і справядлівасці.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ пройдуць 17 лістапада.