Ён паведаміў пра праблемы сакратару грамадскай назіральнай камісіі Барысу Бухелю.
5 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформа Іннавэйшн» Міхаіл Жамчужны, які адбывае тэрмін у горацкай калоніі, папрасіў Бухеля аб візіце грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама.
Па словах палітвязня, ён ужо адпраўляў ліст Бухелю ў чэрвені 2018 года. Аднак адміністрацыя калоніі адмовілася адпраўляць карэспандэнцыю па невядомых прычынах.
«Ваш візіт неабходны для вырашэння шэрагу праблем пры асабістай сустрэчы», – коратка напісаў Жамчужны.
Ён паведаміў, што на час з 20 верасня па 20 кастрычніка яго пераводзяць у памяшканне камернага тыпу.
Барыс Бухель устрывожаны такім паведамленнем палітвязня:
– Інфармацыі мала. Агідна, што адміністрацыя калоніі вядзе сваю незразумелую гульню і не прапускае карэспандэнцю. Дапамагчы Міхаілу неабходна, аднак па досведу мінулага я магу сказаць, што наша грамадская назіральная камісія кастрыраваная. Нам у гэтым годзе не далі сустрэцца ні з Паліенкай, ні з тым жа Жамчужным. Будзем думаць з калегамі, як дапамагчы Міхаілу, – заявіў Барыс Бухель.
Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў 2015 годзе. Суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалашэння звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.