Міліцыя нейтралізавала магілёўскіх кіраўнікоў партыі левых «Справядлівы свет» за тое, што ў іх у торбах былі інфармацыйныя бюлетэні, незабароненыя законам.

1 траўня. Магілёў. Плошча Леніна. Алесь Святліцкі


Старшыня абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Ігар Сарока, ягоны намеснік Анатоль Заўялаў, а таксама кіраўнік гарадской суполкі Аляксандр Козін былі затрыманыя на плошчы Леніна, калі падыходзілі да мітынгу, які арганізавалі улады. Па словах сябра партыі Валерыя Беразіенкі, міліцыя вырашыла даглядзець іх сумкі, калі яны падыходзілі да дэманстрацыі. У кожнага знайшлі каля 30 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня “За справядлівы свет”. Як адзначае Беразіенка, ягоныя калегі нічога не парушылі:

– Бюлетэнь выпушчаны ў адпаведнасці з законам – дазволеная колькасць асобнікаў. Там ёсць усе выходныя дадзеныя, пазначана, што распаўсюджваецца бясплатна. Ніякіх заклікаў да гвалтоўнага звяржэння ўлады няма. Крытыка ўлады – ёсць. Амапавец, маёр, узяў адну ўлётку, прагартаў, а там напісана «Несправядлівыя выбары». Ды якія несправядлівыя выбары, ды вы хлусіце, сказаў. Потым прыехаў начальнік аддзела аховы грамадскага парадку Ленінскага РАУС Пугачоў і іх забралі. Зараз усе трое знаходзяцца ў Ленінскім РАУС, – паведаміў Беразіенка, які быў сведкам затрымання.

Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на мітынгу, заявіў, што затрыманне членаў «Справядлівага свету» неправамерна:

– Ніякага права іх затрымліваць не мелі. Калі б у іх было з сабой больш за трыста асобнікаў бюлетэня, іх затрыманне з пункту гледжання беларускага заканадаўства было б апраўданым. Аднак за некалькі дзясяткаў бюлетэняў, якія яны нават не раздавалі, а проста неслі ў сваіх торбах, іх затрымліваць не мелі права. Гэта сваевольства.

Трэба адзначыць, што падчас мітынгу некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый раздавалі спецвыпуск «Гонар Магілёўшчыны», аднак у міліцыі яны ніякай цікавасці не выклікалі.