Андрэй Застрэлаў, які быў учора затрыманы прама на ўчастку, а потым адпушчаны 5 жніўня быў затрыманы да суда.

5 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Назіральнік ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» Андрэй Застрэлаў 5 жніўня паведаміў праваабаронцам «Магілёўскай вясны», што яго затрымалі і адпраўляюць у ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама да суда.

Учора Застрэлаў быў затрыманы прама на ўчастку №97 (гімназія №1) супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС. Паводле яго слоў, намеснік старшыні ўчастковай камісіі паскардзіўся на яго ў міліцыю з-за таго, што назіральнік нібыта перашкаджаў працы камісіі.
– Заўваг да мяне з боку камісіі ніякіх не паступала, акрамя патрабаванняў пакінуць участак, бо там знаходзілася чатыры назіральнікі. Пры гэтым я прыйшоў першым на ўчастак і заняў сваё месца, – паведаміў Застрэлаў.

У Кастрычніцкім РАУС яму паведамілі, што ў дачыненні да яго заведзены адміністрацыйны працэс. Праз тры гадзіны Андрэя Застрелова выпусцілі з РАУС, выдаўшы позву на 15 гадзін 5 жніўня.

Назіральнік з’явіўся ў раённы аддзел своечасова, а каля 16 гадзін паведаміў праваабаронцам, што яго забіраюць у ІЧУ да суда. На яго складзены пратакол па артыкуле 23.4 КаАП РБ (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Застрэлаву пагражае або штраф ад 2 да 50 базавых велічынь, або арышт да 15 сутак.

Паводле яго інфармацыі, працэс павінен адбыцца ў судзе Кастрычніцкага раёна 6 жніўня. Дакладнага часу няма. Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» і валанцёрскай каманды MAYDAY плануюць арганізаваць дзяжурства каля суду з моманту яго адкрыцця.