Быхаўскі раённы суд вынес рашэнне па чалавеку, які забіў грамадскага актывіста і праваабаронцу.

27 красавіка. Быхаў. Алесь Святліцкі.


7 жніўня 2014 года В. Л. знаходзіўся ў аўто, прыпаркаваным побач з будынкам раённай падатковай інспекцыі. У гэты час у гэтым жа месцы Аляксандр Шачанок вяртаўся з суду. Убачыўшы яго, В. Л. прапанаваў падсесці да яго ў аўтамабіль і пагаварыць. Падчас размовы забойца папрасіў актывіста забраць з суда сваю заяву на ягонага бацьку, з якім у Шачанка быў зацяжны канфлікт, каб таго не пасадзілі ў турму.

Як вынікае з паказанняў В. Л., Аляксандр Пракофьевіч адмовіўся гэта зрабіць і заявіў, што перасаджае ўсю іх сям’ю. Сваімі напышлівымі паводзінамі Шачанок нібыта вывеў падсуднага з сябе. Падчас размовы ён ударыў актывіста электрашокером, пасля чаго нанёс некалькі удараў у галаве. Шачанок памёр на месцы.

В. Л. вывез труп ў лясны масіў паблізу вёскі Вароніна Быхаўскага раёна, дзе закапаў пад карэнішчам перакуленай бярозы, а потым спаліў пашпарт, пенсійнае пасведчанне і іншыя дакументы Шачанка. Цела было знойдзена толькі праз год, летам 2015 года.

Падсуднага В. Л. прызналі вінаватым па ўсіх артыкулах: за забойства (ч.1 арт.139 Крымінальнага кодэкса) ён атрымаў  7 гадоў 6 месяцаў, за знішчэнне афіцыйных дакументаў (ч.1 арт. 377) – 1 год, за незаконнае захоўванне боепрыпасаў (ч.2 арт.295) – 1 год 6 месяцаў, за крадзеж (скраў колавыя каўпакі з чужога мікрааўтобуса) (ч.1 арт .206) – 1 год. У выніку забойцу Аляксандра Шачанка чакае 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама В. Л. павінен будзе кампенсаваць маральную шкоду на карысць сужыцелькі забітага Надзеі Шведавай ў памеры 300 мільёнаў рублёў.

Сваю віну абвінавачаны прызнаў цалкам.

Пры гэтым суд не задаволіў хадайніцтва аб вынясенні прыватнага вызначэння ў адрас быхаўскага РАУС, супрацоўнікі якога, на думку сведкі з боку пацярпелай, праваабаронцы Барыса Бухеля, не прадухілілі забойства, нягледзячы на канфліктную сітуацыю.

Аляксандр Шачанок вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў праваахоўныя органы адносна неправамерных дзеянняў асобных супрацоўнікаў Быхаўскага РАУС, якія пасля падвяргаліся дысцыплінарным спагнанням з боку свайго кіраўніцтва. Займаўся праваабарончай дзейнасцю, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.