Вылучэнцу па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэю Юркову ўручылі позву на 13 снежня.

6 снежня. Магілёў-Дрыбін. Алесь Святліцкі


Андрэя Юркова чакае суд па адміністрацыйным правапарушэнні за рэакцыю пад мемам ў «Аднакласніках». У верасні 2019 гады мужчына паставіў знак «Сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмам сацсеткі, малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова.

Паколькі ў меме прысутнічае ілюстрацыя сцяга нацысцкай Германіі, міліцыя вырашыла, што Юркоў распаўсюдзіў «экстрэмісцкі матэрыял» – нават нягледзячы на ​​відавочна негатыўнае стаўленне экс-кандыдата да падобнай сімволіцы.

На яго склалі пратакол па ч.2 ст.17.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць».

Лейтэнант міліцыі Станкевіч ў пратаколе пазначыў, што Юркоў размясціў «інфармацыйную прадукцыю уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (палатно чырвонага колеру з нацысцкай сімволікай). Гэта памылка, лічыць праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў:

– У дадзены момант нашы валанцёры і праваабаронца Барыс Бухель рыхтуюць выступ для Андрэя Юркова ў судзе. Адміністрацыйная справа з-за мема – гэта ўжо мем. Яшчэ і спадар-супрацоўнік міліцыі Станкевіч напісаў поўную лухту. У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў сапраўды ёсць забарона на чырвонае палатно са свастыкай. Але там маецца на ўвазе канкрэтна ануча, рэч, а не інтэрнэт-карцінка – інакш была б пазначаная хоць якая-небудзь гіперспасылка. Малюнак, які апынуўя ў стужцы Юркова, наогул адсутнічае ў спісе экстрым-матэрыялаў.

Працэс адбудзецца ў судзе Дрыбінскага раёна ў пятніцу, 13 снежня. Пачатак – а 10:00.