Да чатырох разоў!

5 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскі аблвыканкам знізіць кошт за карыстанне інтэрнатамі па ўсім рэгіёне. Сума павінна паменшыцца ў некалькі разоў з-за прымянення паніжальнага каэфіцыента 0,2. Новае правіла ўступіць у сілу пасля афіцыйнай публікацыі на Нацыянальным прававым партале.

Жыццё ў інтэрнатах рэзка падаражэла вясной 2018 года. Паводле інструкцыі ўсё таго ж аблвыканкама “Аб парадку вызначэння платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах”, кошт пражывання з красавіка павялічваўся ў сярэднім у тры разы – на 70 рублёў. Прычым людзі часцяком павінны былі плаціць за памяшканні далёка не самай лепшай якасці.

Гэта практычна адразу выклікала рэзананс сярод жыхароў. Лідэр магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў, які сам пражывае ў інтэрнаце, разам з аднадумцамі сабралі подпісы 1060 грамадзян супраць павышэння платы.

У чэрвені гэтага года Аксёнаў спрабаваў пагаварыць са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім, аднак той нечакана з’ехаў у адпачынак. Замест яго сустрэчу з актывістам правёў намеснік Даманеўскага Алег Чыкіда. На сустрэчы з чыноўнікам Аксёнаў высвятліў, што рашэнне аб павышэнні цаны прымалася спантанна.

У сярэдзіне лістапада хрысціянскія дэмакраты абвесцілі пра пачатак кампаніі за зніжэнне платы пражывання ў інтэрнатах. У калектыўным звароце ў парламент і ўрад яны прывялі ў прыклад Брэсцкую вобласць – там кошт карыстання жылымі памяшканнямі множыўся як раз на паніжальны каэфіцыент 0,2.

Цяпер такі самы каэфіцыент ўвялі і па ўсёй Магілёўскай вобласці, прычым незалежна ад прыналежнасці інтэрната да ведамства і прадпрыемства.