Е-е-е.

5 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Учора на прыпынку каля тэатра лялек усталявалі новы прыпыначны пункт, які мала таго, што выглядае выродліва, дык яшчэ і перакрывае від на будынак XIX стагоддзя.

Практычна адразу ў сацыяльных сетках на навінку абрынулася крытыка. Блогер і журналіст Дзяніс Васількоў заклікаў магілёўцаў пісаць звароты да старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, каб павільён перанеслі.

Супраць выказаліся і прадстаўнікі тэатра – на сваёй старонцы ў Facebook яны заявілі, што «размова, на думку прадстаўнікоў тэатра, ідзе не толькі пра візуальны складнік, але і пра парушэнне заканадаўства аб культуры».

Менш, чым праз суткі, гарадскія ўлады вырашылі прыбраць павільён. Гэта адбылося пасля выезду на месца заказчыкаў ўстаноўкі, кіраўніцтва гарвыканкама, архітэктараў і журналістаў дзяржаўнага тэлебачання.

Па словах галоўнага архітэктара Магілёва Уладзіміра Скачака, прынята рашэнне перамясціць павільён у іншае ажыўленае месца абласнога цэнтра. Новыя адрасы будуць разгледжаны на камісіі гарвыканкама і прапанаваны заказчыку.