Добра, праверка спынена, але тады чаму працягваецца судова-камісійная экспертыза?

13 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – svaboda.org

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


19 кастрычніка ў аграгарадку Лудчыцы пасярод урока фізкультуры памёр 8-гадовы Ягор Бабашко. Меркаванай прычынай смерці дзіцяці следства назвала раптоўнае спыненне прыпынак сэрца.

Пры гэтым, на працягу некалькіх гадоў лекары з Магілёўскай абласной бальніцы, калі верыць маці, не рэкамендавалі хлопчыку фізічных нагрузак. Нягледзячы на гэта, вызвалення ад фізкультуры ў цэнтральнай раённай бальніцы Быхава Ягору не давалі.

Праверку праводзіў Быхаўскі аддзел Следчага камітэта, які праз тры дні пасля смерці Ягора прызначыў судова-медыцынскую экспертызу з мэтай ўстанавіць дакладную прычыну смерці.

На працягу 4 месяцаў мама малога Вольга Бабашканават не магла азнаёміцца з ходам расследавання – следства не хацела даваць ёй ніякай інфармацыі.

16 сакавіка яе запрасілі ў Быхаўскі РАСК, каб азнаёміцца з ходам праверкі. У прыватнасці, жанчына тады даведалася, што, згодна з паказаннямі супрацоўнікаў медслужбы, «хуткая» прыехала на дапамогу да Ягора праз 14 хвілін, хоць сама Бабашка сцвярджае, што прайшло каля 40 хвілін.

Затым у пачатку красавіка Вользе прыйшоў ліст ад следчага, у якім гаварылася, што праверка па факце смерці яе сына… адноўленая:

– Я не зразумела, што гэта было. Атрымліваецца, што калі праверку аднавілі, то яе прыпынялі. Аднак я пра гэта нічога нават не чула, – распавяла Бабашка.

29 красавіка ёй прыйшоў яшчэ адзін ліст з райаддзела Следчага камітэта. На гэты раз ёй паведамілі, што крымінальную справу заводзіць ня будуць, а таксама што праверка спыненая. Аднак судова-камісійная экспертыза чамусьці працягваецца.

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Аляксандр Буракоў, да якога звярнулася Вольга Бабашко па кансультацыю, лічыць гэта дзіўным:

– Я пакуль не гатовы рабіць высновы, паколькі мала дадзеных. На руках у Вольгі на дадзены момант няма практычна ніякіх дакументаў, акрамя лістоў з СК. Аднак там ніякай выразнай матывіроўкі, чаму справа спынена, няма. Акрамя таго, дзіўным выглядае той факт, што праверку скончылі, а судова-камісійная экспертыза, якая павінна ўстанавіць абставіны смерці Ягора, працягваецца.

Вольга паспрабавала азнаёміцца з матэрыяламі праверкі і вярнуць са Следчага камітэта медыцынскія дакументы, якія тычацца яе сына, але ёй не далі гэтага зрабіць:

– Следчы мне сказаў, што ўсе дакументы і матэрыялы адправілі ў СК ў Мінск, для якойсьці пераправеркі. Хоць крыху раней падчас тэлефоннай размовы казаў, што магу спакойна падысці і паглядзець. Зараз я напісала пісьмовую заяву на азнаямленне з матэрыяламі праверкі, – распавяла Бабашко.

Яе па-ранейшаму турбуе «хлусня з боку медыкаў і ўладаў, што «хуткая» прыехала за 15 хвілін, а не за 40». Акрамя таго, некаторыя медыцынскія дакументы і даведкі ў дзень смерці, як сцвярджае мама Ягора, забрала галоўны педыятр раёна Валянціна Чалядзінава – і з гэтым яна таксама хоча разабрацца.