У мінскім следчым ізалятары №1 прайшла сустрэча турэмных святароў БПЦ з намеснікам начальніка ДВП МУС і кіраўніцтвам папраўчай установы.

Старшыя епархіяльныя турэмныя святары пад кіраўніцтвам старшыні Сінадальнага аддзела па турэмным служэнні Георгія Лапухова былі дапушчаныя ў культурна-спартыўны комплекс СІЗА-1, дзе прайшла так званая нарада з намеснікам начальніка ДВП МУС, палкоўнікам унутранай службы Уладзіславам Мандрыкам.

Служыцелі БПЦ змаглі азнаёміцца з уладкаваннем турэмнага храма СІЗА-1 і капліцы Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных, але толькі ў межах арганізаванай па ўстанове экскурсіі. Уладзіслаў Мандрык і Георгій Лапухоў абмяняліся дакладамі, у якіх было адзначана, што паводле Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» прызнана «асаблівая роля БПЦ у гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа».

Яны абмеркавалі пытанні інтэнсіфікацыі нясення турэмнага паслушэнства ў пенітэнцыярных установах. Адзначым, што ў апошнія паўгады царкоўных служыцеляў сталі ўсё радзей дапускаць на тэрыторыі папраўчых калоній, асабліва для паўторна асуджаных, але часцей прапануюць весці дзейнасць у ЛПП і ПУАТ — так званай «хіміі».

Пасля нарады было абвешчана, што абраны новы намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па турэмным служэнні БПЦ — ім стаў протаіерэй Аляксандр Жалезны з Гродна.