Дэлегацыя з 15 сем’яў удзельнікаў СВА з Екацярынбурга і Свярдлоўскай вобласці здзейсніла маштабную азнаямляльную паездку ў Беларусь.
Уральскія медыя называюць арганізатарам мерапрыемства дабрачынны фонд «Ветэраны СВА і КТА» Сяргея Паўленкі, які прыняў запрашэнне МУС Беларусі і спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Суправаджаў групу сузаснавальнік фонду, былы баец ПВК «Вагнер» Іван Гагарын.
У Мінску дэлегацыю вадзілі на экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы, а ў сталічным Храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяр, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны, яе члены ўзялі ўдзел у ліціі і памаліліся «за здароўе вайскоўцаў — удзельнікаў СВА».
МУС як партнёр паездкі арганізавала экскурсію ў свой профільны мінскі ліцэй. А кульмінацыяй стала назіранне за рэканструкцыяй абароны Брэсцкай крэпасці а пятай гадзіне раніцы 22 чэрвеня. Як піша выданне «Сигнал. Урал», на ўральцаў, чые мужы і бацькі цяпер знаходзяцца на вайне супраць Украіны, мерапрыемства, асабліва пабудаванае на кантрасце з дэманстрацыяй сцэн з мірнага жыцця, “выклікала вельмі моцнае ўражанне”.