У канцы фельетона кіраўнік краіны Шнапсрусіі Каралінг Справядлівы ўцякае да свайго кума ў Зэмбландыю.
19 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Пяты нумар газеты «Вячэрні Магілёў» за 17 студзеня атрымаўся палымяным – у ім апублікаваны фельетон пра краіну «ў самым цэнтры кантынента Еўраланды» Шнапсрусіі. Падпісаны тэкст імём Паліны Малінінай (па некаторых дадзеных так падпісваецца галоўны рэдактар выдання Надзея Леўчанка).
«Народны сказ пра краіну Шнапсрусію» – гэта фельетон, у якім ёсць «вікінгі», якія жывуць у «казармах кафляных ў сталіцы іх белакаменнай». Для іх круглы год «парабкі вырошчваюць бульбу-фры і вараць шакаладныя пудынгі». Падаецца, у матэрыялах можна ўлавіць пэўную сувязь Шнапсрусіі з Беларуссю. Падабенства ўзмацняецца, калі ў фельетоне з’яўляецца «святлейшы і наймудрэйшы» кіраўнік Каралінгаў Справядлівы.
«Раз у год Каралінг для сваіх парабкаў праводзіць парады. Стройнымі радамі вікінгі з сякерамі на плячах маршыруюць пад гукі гімна краіны Шнапсрусіі. Гарцуюць вершнікі на баявых сланоў, нібы на трактарах, па плошчы Пераможцаў», – піша Малініна.
Далей мы даведваемся, што “ад такога выгляду сэрца батракоў любоўю перапаўняецца да свайго правіцеля. А для тых палурослікаў, у каго сэрца любоўю такой палымянай ня перапаўняецца і хто на плантацыях ня шчыруе, а аддае перавагу дармаеднічаць, у Каралінга Справядлівага прыгатаваныя нары дубовыя і розгі пудовыя”.
Цікава, што напрыканцы фельетона кіраўніка Шнапсрусіі чакае фіяска – яго падначаленыя падымаюць паўстанне, паколькі ён «замест завода броварнага паставіў завод хлебабулачны, замест цыстэрнаў спіртавых паставіў чаны мукамольныя».
Абураны люд знёс вікінгаў на шыпастых калясніцах і захапіў палац Уладароў, аднак «Каралінг паляцеў за трыдзевяць зямель да свайго кума Султана Бармалеевичу ў краіну Зембландию ратавацца ад гневу народнага».
Мы нават адсканавалі матэрыял, каб падзяліцца з вамі. Пішыце ў каментарах, якую краіну мела на ўвазе Паліна Малініна.