Але навошта тады браць адпачынак за свой рахунак і прыходзіць на працу?
31 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Праваабаронца Аляксандр Хамратаў звярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд пасля таго, як старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прошка адмовіўся, на яго думку, убачыць прагул свайго супрацоўніка.
Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Андрэй Забара паведаміў у электронным адказе Хамратаву, што адказ Прошкі з’яўляецца “правільным і матываваным”.
“Парушэнняў працоўнай дысцыпліны з боку суддзі Магілёўскага абласнога суда Трыфанавай І.К. 29 верасня не дапушчана. У названы дзень ўпаўнаважанай службовай асобай суддзі Трыфанавай І.К. быў дадзены адпачынак без захавання заработнай платы, што пацвярджаецца выдадзеным загадам” – паведаміў Забара.
Пры гэтым Вярхоўны суд палічыў, што патрабаваць запісы камер відэаназірання ня трэба, як і прымаць меры па выніках разгляду скаргі.
Аляксандр Хамратаў не верыць, што суддзя Трыфанава не парушыла працоўную дысцыпліну:
– Зразумела, я не веру, што суддзя брала адпачынак за свой кошт. Гэта для нас яна была ў адпачынку – для падаткаплацельшчыкаў. А калі на тое, то які нармальны чалавек бярэ адпачынак для таго, каб прыходзіць на працу і потым з’язджаць з яе за пару гадзін да заканчэння працоўнага дня? Навошта суддзі кідацца ад мяне ў тралейбусе, калі яна ў адпачынку і нічога не парушае? У любым выпадку, ёй гэта кіраўніцтва ўзгадае, а як сказаў адзін мой знаёмы – ну хоць дзень з заробку страціць, – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.