Нават СМС-кай.

13 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магіляўчанка Алена Барысава ў сярэдзіне траўня звярнулася ў Вярхоўны суд, каб той прызнаў практыку інфармавання аб пачатку працэсу за дзве гадзіны да яго праз СМС непрымальнай. З яе словаў, 26 красавіка яна накіравала заяву на імя старшыні суда Ленінскага раёна аб тлумачэнні разумнага тэрміну адпраўлення і дастаўкі СМС-паведамлення пра дзень і час разгляду справы ці скаргі ў адміністрацыйным працэсе, аднак старшыня суда Галіна Кужэлева, на думку Алены Барысавай, праігнаравала важны момант:

– Пра пра дзень і час разгляду маёй скаргі я была апавешчаны метадам СМС-паведамлення, адпраўленага на мой мабільны тэлефон у 9 гадзін 19 хвілін20 красавіка. У СМС паведамленні адзначалася, што разгляд адбудзецца ў гэты ж дзень, у 11 гадзін 30 хвілін. СМС-паведамленне я прачытала ў 14 гадзін 05 хвілін. Паводле інструкцыі па справаводстве ў раённых (гарадскіх) судах РБ, зацверджанай Загадам Старшыні Вярхоўнага суда РБ ад 06.10.2014 года, такі метад апавяшчэння дапускаецца, аднак у інструкцыі не пазначаны разумны тэрмін такога паведамлення, – напісала Барысава ў сваёй скарзе на імя старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы . Яна папрасіла ініцыяваць змены ў ПВКаАП РБ і ГПК РБ па пытанні гэтага прабелу.

9 чэрвеня ёй даў адказ намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аніскевіч. Ён адзначыў, што прапановы Алены Барысавай прынятыя да ведама. Пры гэтым ён заявіў, што СМС аб пачатку суда была паслана ей … проста так:

«ПВКаАП не прапісвае абавязкі суда апавяшчаць пра час і месца разгляду скаргі асобе, якая падала скаргу і не хадайнічала аб удзеле пры яе разглядзе. Хадайніцтва аб удзеле пры разглядзе скаргі Вы не падавалі. Інфармацыя пра час і месца разгляду скаргі судом Вам была накіравана для звесткі».
Пры гэтым у Барысавай, па яе словах, не было фізічнай магчымасці падаць хадайніцтва. Такім чынам яна сутыкнулася з парушэннем права на справядлівы і публічны разгляд справы:
“Лічу, што такі метад паведамлення праз СМС за 2 гадзіны ці ў той жа дзень да пачатку разгляду скаргі, або судовага працэсу з’яўляецца парушэннем міжнародных і мінімальных ўнутраных стандартаў незалежнасці судовай сістэмы”.