У газеце з’явіўся артыкул, у якім напісана, што біча Федзю трэба расстраляць, а дармаедаў – адправіць у рэзервацыі.

19 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Гарадская газета зноў стрэліла дзічынай: на афіцыйным сайце з’явіўся артыкул ваеннага юрыста ў адстаўцы Віктара Кандрацьева, які заклікаў да жорсткай расправы над дармаедамі і бічамі.

Пра ўмоўнага «магілёўскага біча Федзю», які разбіў акно і хацеў здзейсніць пятнаццаты крадзеж, ваенны юрыст заявіў, што «па-добраму, Федзю трэба расстраляць». Аўтар адзначыў, што такіх у краіне вельмі шмат, «што сведчыць пра праблемы з генафондам». Напрыканцы Віктар Кандрацьеў паспадзяваўся, «што яшчэ будзе прыняты такі дэкрэт аб дармаедстве, які накіруе гэты зброд у рэзервацыі і прымусіць іх працаваць там да пенсіі».

– Матэрыял правакацыйны. 38 артыкул «Закону аб СМІ» кажа пра тое, што ў газеце не павінна быць інфармацыі, накіраванай на прапаганду гвалту і жорсткасці. Тэкст Віктара Кандрацьева варта прааналізаваць больш сур’ёзна. Падаецца, што вызначаная мяжа пераступлена, асабліва пра расстрэл, – пракаментаваў матэрыял праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Ён не выключае, што папросіць Міністэрства інфармацыі даць прававую ацэнку матэрыялу.