Абласное кіраўніцтва міліцыі прызнала, што праверка ў дачыненні да Ігара Марзалюка была праведзена не цалкам.

14 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – Аляксандр Хамратаў


Праваабаронца Аляксандр Хамратаў ўсё ж дамогся пачатку праверкі па факце ўдзелу дэпутата Марзалюка ў несанкцыянаваным мітынгу 15 сакавіка. Намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў паведаміў яму, што Ленінскі РАУС сваю праверку па факце ўдзелу дэпутата Ігара Марзалюка 15 сакавіка ў несанкцыянаваным мерапрыемстве правёў не цалкам. Абласное ўпраўленне накіравала ў райаддзел заключэнне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў і правядзенні дадатковых праверак.

Аляксандр Хамратаў паведаміў, што лічыць такі адказ дзіўным, бо яшчэ некалькі дзён таму УУС за подпісам таго ж Рыжанкова адмовілася даваць адказ па сутнасці, матываваўшы гэта тым, што ў “абавязкі органаў унутраных спраў не ўваходзіць тлумачэнне дзеючага заканадаўства і юрыдычная кансультацыя» .

Раней праваабаронца накіраваў заяву ў суд на Ленінскі РАУС, які адмовіўся пазначыць розніцу паміж людзьмі, якія выступілі на акцыі і атрымалі суткі арышту, і дэпутатам Ігарам Марзалюком, на якога не склалі нават пратакол.