Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях звярнуліся да ўрада Беларусі за тлумачэннямі па факце сілавых дзеянняў у дачыненні да мясцовых ромаў.

15 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Эксперты Арганізацыі аб’яднаных нацый выказалі сур’ёзную занепакоенасць з-за масавых затрыманняў 16-17 траўня ў Беларусі і ў Магілёве ў прыватнасці.

Фэйкавае паведамленне пра выкраданне супрацоўніка магілёўскай ДАІ Яўгена Патаповіча «асобамі цыганскай нацыянальнасці» прывяло да аблавы ў ромскіх мікрараёнах Грэбенёва і Чапаеўка. За ноч было затрымана, па розных ацэнках, ад 30 да 60 цыган. Многія падвергліся фізічнаму гвалту і абразам.

На працягу паўтары сутак затрыманыя знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання, аднак ўсіх адпусцілі без складання пратаколаў. Пазней кіраўніцтва абласной міліцыі і МУС адмовілася прызнаваць, што сілавікі дзейнічалі незаконна.

Валанцёр «Магілёўскай вясны» Дзмітрый Толсцік, які апытваў пацярпелых у цыганскім мікрараёне Чапаеўка, не сумняецца, што міліцыянты перавысілі свае паўнамоцтвы:

– Першую інфармацыю аб затрыманні цыган я атрымаў яшчэ ад жонкі, вечарам 16 траўня. Яна стала сведкам таго, як на прыпынку міліцыя «зашрубавала» аднаго з ромаў. На наступны дзень мы з калегай адправіліся на Чапаеўку, там як раз знаходзіцца праз дарогу ІЧУ. Там сустрэлі групу цыганак, якія паскардзіліся, што яны не могуць нават перадаць перадачы сваім затрыманым сваякам. Аказалася, гэта нейкае распараджэнне адміністрацыі ізалятара. Паспрабавалі пагаварыць з дзяжурным, але той адмовіўся кантактаваць.

Дзмітрый Толсцік

Паводле яго слоў, ромы доўга не хацелі распавядаць падрабязнасці затрыманняў, пакуль не пераканаліся, што Толсцік і яго калега сапраўды прадстаўляюць праваабарончы цэнтр “Вясна”:

– Калі мы іх пераканалі, што хочам дапамагчы, адразу атрымалі шмат інфармацыі. Шмат распавёў мужчына па імені Раман – праз пару дзён яго затрымалі па падазрэнні ў распаўсюдзе наркотыкаў, што выглядае дзіўна. У выніку даведаліся, напрыклад, што ў доме адной з жанчын прадстаўнік МУС страляў у столь. Самі затрыманні суправаджаліся збіццём. На допыт павезлі 12-гадовага хлопчыка без бацькоў, праўда, слава богу, пратрымалі яго нядоўга. Было бачна, што гэтыя людзі запалоханыя, – распавёў Дзмітрый.

Паводле яго слоў, першапачаткова ромы яшчэ вагаліся, ці падаваць ім скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, ці не. Але калі цыганоў адпусцілі з ІЧУ, аб скаргах прамовы ўжо не ішло.

Мы з калегамі былі на кантакце з некаторымі з іх, пераконвалі ў неабходнасці барацьбы супраць дыскрымінацыі. Аднак цыганы баяліся, што іх скаргі стануць прычынай яшчэ больш жорсткіх дзеянняў з боку міліцыі. Пасля выбачэнняў Качанавай яны наогул абарвалі усе кантакты.

На аснове сабранай інфармацыі праваабаронцы «Магілёўскай вясны» звярнуліся ў пракуратуру горада. Таксама яна была прадстаўлена цэнтральнаму офісу праваабарончага цэнтра і супрацоўніку антыдыскрымінацыйнага цэнтра «Мемарыял».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка адзначыў сайту spring96.org, што сітуацыя з масавымі затрыманнямі дарослага ромскага насельніцтва ў Магілёве адразу паўстала ў фокусе ўвагі праваабаронцаў: яны накіроўвалі звароты ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт, сумесна з АДЦ «Мемарыял» звярталіся ў ААН, казалі пра сітуацыю на Нарадзе АБСЕ па разглядзе выканання абавязацельстваў, прысвечанай чалавечым вымярэнні.

Павел Сапелка, photo – spring96.org

ААН папрасіла ўрад Беларусі прадставіць дэталёвую інфармацыю аб тым, што адбылося ў краіне. Беларускія ўлады ў адказ заявілі, што ў рамках крымінальнай справы па забойстве супрацоўніка ДАІ было праведзенае апытанне 132 ромаў, у дачыненні да 52 з іх быў пачаты адміністрацыйны працэс, у рамках якога яны былі затрыманыя на тэрмін да паўтара сутак.

Таксама ўрад краіны выставіла на першы план, што самі ромы не звярталіся са скаргамі на дзеянні міліцыі.

 «Фізічная сіла і спецыяльныя сродкі ў дачыненні да гэтай групы асоб не ўжываліся. Фактаў пагроз і запалохванняў ў іх адрас таксама не ўстаноўлена. Дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не былі матываваныя расавымі прадузятасцямі», – заявілі беларускія ўлады.

Праўда, яны прызналі, што супрацоўнікі міліцыі дапусцілі мноства парушэнняў падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу. Як мінімум, да 8 супрацоўнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама былі прыняты меры матэрыяльнага ўздзеяння. Яшчэ 20 міліцыянтаў былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка заявіў, што праваабаронцы будуць дамагацца паўторнай праверкі сітуацыі:

Нам трэба зрабіць наступныя крокі па гэтым выпадку – мы зноў будзем звяртацца ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт, каб былі праведзеныя паўторна або дадаткова праверачныя дзеянні для таго, каб даць поўную і аб’ектыўную ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні прадстаўнікоў народнасці рома».