Магілёўскія праваабаронцы атрымалі сігнал аб парушэнні правоў «забойцы з сякерай».
28 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Да магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля звярнулася маці Уладзіслава Казакевіча Вольга Мажэйка. Яна лічыць, што ў магілёўскай турме №4, дзе ўтрымліваюць яе сына, яму шкодзяць.
– З яе слоў, у ва Уладзіслава, у якога і так былі праблемы са зрокам, адабралі акуляры, у выніку чаго ён стаў зусім дрэнна бачыць. Пры гэтым напісаць скаргу або ліст ён не можа, паколькі яму не даюць пішучых прадметаў і паперу. Таксама Вольга Аляксандраўна паскардзілася на тое, што ён практычна ўвесь час праводзіць у штрафным ізалятары. Яна лічыць, што супрацоўнікі турмы прыдзіраюцца да нязначных парушэнняў, накшталт пылу ў камеры, пасля чаго адразу адпраўляюць яго ў ШІЗА, – распавёў пра змест гутаркі Бухель.
Праваабаронца мае намер абмеркаваць пытанне на пасяджэнні грамадскай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама. Ён лічыць, што магілёўскую турму №4 трэба праверыць – сігналы пра здзекі над вязьнямі паступалі адтуль і раней.
– Я параіў бацькам накіраваць таксама пісьмовы зварот у камісію. Мы не збіраемся ні ў якім разе апраўдваць жудаснае злачынства, якое здзейсніў Казакевіч. Аднак трэба разумець, што ў кожнага чалавека ёсць правы і дзяржава іх парушаць не павінна. Заўтра на месцы Уладзіслава можа быць хто заўгодна, – падкрэсліў Барыс Бухель.
8 кастрычніка 2016 года Уладзіслаў Казакевіч напаў на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра “Новая Эўропа”. Хлопец з бензапілой, у масцы і слухаўках забіў работніцу гандлёвага цэнтра і сякерай пакалечыў наведвальніц. Суд прызнаў Казакевіча вінаватым і прысудзіў яму 15 гадоў пазбаўлення волі. Пасля нападу на кантралёраў ВК №17 г. Шклова у кастрычніку 2017-га, на хлопца завялі яшчэ адну справу і накіравалі для адбыцця пакарання ў турму №4 г. Магілёва.