Улады прызнаюць, што не ведаюць, калі будзе скончана будаўніцтва новага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Пра гэта стала вядома з адказаў грамадскаму актывісту Аляксею Паўлоўскаму. Нагадаем, больш за паўсотні гараджан падпісаліся пад зваротам прэзідэнту Расійскай Федэрацыі і беларускаму Савету міністраў, у якім звярнулі ўвагу на даўгабуд у цэнтры Магілёва.
– Мы патрабуем прыняць меры ў дачыненні да нядбайных чыноўнікаў і дэпутатаў, па віне якіх больш за 20 гадоў кіраўніцтва Беларусі не знаходзіць часу завяршыць будаўніцтва ў Магілёве вучэбна-лабараторнага корпуса са спарткомплексам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, – пазначылі сваю пазіцыю падпісанты.
Ім адказаў рэктар БРУ Ігар Сазонаў, які спаслаўся на адсутнасць фінансавых сродкаў:
– У 2013 годзе асвоена 2155,3 млн. рублёў бюджэтных сродкаў, 1928,5 млн. рублёў уласных. У 2014 годзе з рэспубліканскага бюджэту асвоена 5842,2 млн. рублёў і 1165 млн. уласных. У 2015 годзе фінансаванне аб’екта не праводзілася. Пры выдзяленні грашовых сродкаў будаўніцтва аб’екта будзе працягнута, – піша ў сваім адказе рэктар.
У адказе Міністэрства адукацыі гаворка ідзе пра кансервацыю аб’екта.
– У сувязі з абмежаванымі магчымасцямі рэспубліканскага бюджэту Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2016 год … запланавана кансервацыя аб’екта “Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Вучэбна-лабараторны корпус са спарткомплексам па вул. Ленінскай, г. Магілёва”, – пісьмова заявіў намеснік міністра адукацыі Руды.
Будаўнічыя работы пачаліся яшчэ ў 1993 г. Тады ўмацавалі Дзябранскі яр і часткова ўзвялі сцены падвала 9-павярховага будынка. У сярэдзіне 90-х гг. работы былі прыпыненыя і аднавіліся толькі ў траўні 2009 г. Быў заглыблены катлаван і падведзены інжынерныя сеткі. З тых часоў праца ідзе вельмі марудна і да гэтага часу корпус навучальнай установы вельмі далёкі ад свайго канчатковага выгляду.