Аб’яднаная грамадзянская партыя правяла пікет у падтрымку сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.

11 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота на галоўнай – Facebook Таццяны Сівачэнка


Партыйцы сабраліся на вялікі пікет каля Грэбенеўскага рынку днём 11 лютага. Спецыяльным заяўленым госцем быў таксама кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, аднак да Магілёва ён даехаць не здолеў.

9 лютага міліцыя затрымала яго ў Брэсцкай вобласці за непадпарадкаванне супрацоўніку і даставіла ў ізалятар часовага ўтрымання ў Кобрын.

Каб падтрымаць свайго лідэра, кандыдаты ў дэпутаты Таццяна Сівачэнка, Аляксей Кірыенка і Сяргей Ляшкевіч размясцілі на сваіх стэндах аркушы паперы з заклікам вызваліць Лябедзьку. Акрамя гэтага, адным з асноўных патрабаванняў кандыдатаў было правядзенне сумленных выбараў, якіх Беларусь, па словах старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава, не бачыла ўжо больш за 20 гадоў.

У якасці забаўкі гараджанам прапанавалі паўдзельнічаць у міні-выбарах. Людзі маглі ўкінуць белыя шары ў адну з трох шкляных банак з надпісамі “На зарплату чыноўнікам”, “На ачыстку Святога возера” і “На будаўніцтва трыумфальнай аркі”. Адпаведна кожны белы шар азначаў згоду магілёўца накіроўваць грошы на названыя выдаткі.

Больш за ўсё галасоў сабрала банка для ачысткі Святога возера.