Прафсаюзныя актывісты Аляксей Яўгенаў, Юрый Новікаў і Юрый Дарашэнка прадставілі даведнік, які інфармуе, як правільна адстойваць свае правы найменш абароненым групам насельніцтва.

Сацыяльны навігатар – гэта даведнік, прызначаны для інвалідаў, пенсіянераў, ветэранаў і іншых груп насельніцтва Рэспублікі Беларусь, сацыяльная абароненасць якіх пакуль пакідае жадаць лепшага“, – пішуць ва ўступленні аўтары даведніка.

Ён складаецца з пяці раздзелаў. У першых чатырох даецца прававая інфармацыя, якая будзе карысная інвалідам, пенсіянерам, ветэранам і сем’ям, у апошнім дадзены адрасы профільных арганізацый, якія могуць быць карыснымі для пералічаных катэгорый.

Па словах Юрыя Новікава, аднаго з ініцыятараў складання «Сацыяльнага навігатара», выхад даведніка звязаны з павелічэннем колькасці зваротаў у незалежныя прафсаюзы:

– Калі раней мы аказвалі юрыдычную дапамогу ў асноўным па працоўных спрэчках, то ў апошні час стала больш людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы па пытаннях сацыяльнага забеспячэння, ільгот. Калі мы ўбачылі, што такіх зваротаў стала сапраўды шмат, мы вырашылі выдаць гэты даведнік, які мы распаўсюдзім сярод праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў, розных грамадскіх арганізацый, таксама ён будзе даступны ў Інтэрнэце. Ветэраны, інваліды, пенсіянеры часта не валодаюць правымі ведамі, неабходнымі для адстойвання сваіх сацыяльных правоў і гарантый. «Навігатар» закліканы палепшыць сітуацыю, – распавёў Юры Новікаў.

WP_20160318_020

У складанні даведніка прымалі ўдзел юрысты трох незалежных прафсаюзаў – Юры Дарашэнка ад Свабоднага прафсаюза металістаў, Сяргей Фамін ад Свабоднага прафсаюза Беларускага і Аляксей Яўгенаў ад Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.

«Сацыяльны навігатар» выйшаў тыражом у 299 асобнікаў. Як паведаміў Юрый Новікаў, у будучым плануецца перавыдаваць “Навігатар”.

– Заканадаўства РБ пастаянна змяняецца, нешта адмяняюць, штосьці наадварот – прымаюць. Мы павінны рэагаваць на такія змены аператыўна, таму гэты выпуск не з’яўляецца апошнім, – заявіў Юры Новікаў.