Кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў і яго калегі палічылі сімвалічным пачаць з Ігара Марзалюка.

15 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


15 лістапада ў прыёмную дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка перадалі каля 60 подпісаў грамадзян супраць Дэкрэта №3 «Аб сацыяльным ўтрыманстве». Як паведаміў Уладзімір Шанцаў, гэта далёка не ўсё:

– Мы збіраем подпісы па ўсім горадзе, каб потым аднесці да дэпутатаў кожнай магілёўскай акругі – акрамя Марзалюка, гэта яшчэ Старавойтаў, Петрашова, Салаўёў і Хішчанка. Гэтым займаецца некалькі чалавек – сяброў правацэнтрысцкай кааліцыі, куды таксама ўваходзяць БХД і рух “За Свабоду”.

Па словах абласнога лідэра АГП, ён палічыў сімвалічным пачаць перадачу падпісных лістоў менавіта 15 лістапада – у дзень, калі афіцыйна заканчваецца збор грошай «за дармаедства».

15094959_1220034191394564_5536982107477557662_n

– Паперы ў нас прыняў памочнік дэпутата. Мы вырашылі пачаць з Марзалюка, паколькі ён быў сярод тых сенатараў, якія ўхвалілі дэкрэт аб сацыяльным ўтрыманстве. А ўлетку, падчас парламенцкіх выбараў, высветлілася цікавая рэч. Падчас дэбатаў кандыдат Андрэй Бодзілеў запытаўся ў яго, чаму ён не зрабіў нічога, каб абараніць народ ад падатку на дармаедства.

На гэта Ігар Марзалюк адказаў, літаральна працытую, што “лязо гэтага закона накіравана супраць тых грамадзян нашай краіны, якія пражываюць пастаянна за перыметрам Рэспублікі Беларусь, зарабляюць там нелегальна грошы і не плацяць ніякіх падаткаў”.

Аднак у Дэкрэце №3 прапісана, што людзі, якія больш за 183 дзён праводзяць за межамі нашай краіны, вызваляюцца ад выплаты збору. Узнікае пытанне, а ці чытаў тады яшчэ сенатар Ігар Марзалюк тое, што ўхваліў? пракаментаваў сітуацыю Уладзімір Шанцаў.

Глядзець з 21:16

Удзельнікі правацэнтрысцкай кааліцыі збіраюць подпісы з пачатку лістапада. Актывісты і палітыкі патрабуюць адмяніць Дэкрэт №3, паколькі «на момант падпісання ўлада налічыла 400 тысяч непрацуючых у краіне, а колькасць вакансій у цэнтрах занятасці не перавышала 20 тысяч. Сітуацыя прыкладна тая ж і цяпер. Гэта значыць, дзяржава можа забяспечыць толькі 5% непрацуючых нізкакваліфікаванай працай. Акрамя таго, дзяржава па Канстытуцыі абавязана выплачваць непрацуючым дапамогу па беспрацоўі, а не патрабаваць, каб было наадварот, каб непрацуючыя плацілі дзяржаве».

У хуткім часе подпісы будуць перададзеныя астатнім дэпутатам.