23 лістапада прадстаўнікі магілёўскіх дэмакратычных сілаў правялі ўстаноўчую канферэнцыю па стварэнні рэгіянальнай кааліцыі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

24 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У працы канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый прафсаюза РЭП, Свабоднага прафсаюза Беларускага, грамадскага руху «Еўрапейская Беларусь», аргкамітэта па стварэнні партыі БСДП (Народная Грамада).

Арганізатары мерапрыемства ў адмысловым прэс-рэлізе пазначылі, што канферэнцыя праводзілася ў адпаведнасці з рашэннем ўстаноўчага сходу па стварэнні Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, які прайшоў 15 траўня ў скверы Янкі Купалы ў Мінску па ініцыятыве палітыка Мікалая Статкевіча.

– Асноўнай сваёй мэтай БНК ставіць кансалідацыю дэмакратычных сілаў краіны дзеля будаўніцтва свабоднай і незалежнай Беларусі, – адзначыў каардынатар Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі Юрый Новікаў. Раней ён узначальваў Савет Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.

Яго намеснікам стаў юрыст незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Яўгенаў. Усяго ў каардынацыйны савет кааліцыі ўвайшло 4 чалавекі.