Міліцыя пачала праверку ў дачыненні да супрацоўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва.

14 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Журналіст Уладзімір Лапцэвіч накіраваў у Ленінскі РАУС заяву з патрабаваннем пачаць праверку дзеянняў раённага чыноўніка, якога, мяркуючы па ўсім, спрабуюць вывесці з-пад удару.

Нагадаем, 29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва «Спадарожнік-2008». Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу.

Пасля гэтага міліцыя тройчы адмовілася прыцягваць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці, а суд тройчы адмяняў пастанову Ленінскага РАУС і кожны раз накіроўваў справу на новы разгляд.

Пасля апошняга суду Уладзімір Лапцэвіч вырашыў напісаць заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы. На яго думку, Канстанцін Кісцянёў парушыў адразу два артыкулы Крымінальнага кодэксу – перашкодзіў законнай дзейнасці журналіста (арт.198) і перавысіў службовыя паўнамоцтвы (арт. 426).

Правату Лапцэвіча, па яго сцвярджэнні, могуць даказаць адразу два сведкі, якіх павінны апытаць у ходзе праверкі.